Мікалай Новікаў: Я нават не атрымаў адказу



Гомельскі актывіст звярнуўся ў гарсавет з просьбай пра правядзенне грамадскіх слуханняў па праблеме зносу прыватнага сектару, а атрымаў адказ з гарвыканкама.

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Новікаў сам пражывае ў прыватным доме, таму сітуацыя з магчымым зносам некалькіх вуліц у Савецкім раёне яму знаёмая:

– Ад гарадскога савета я нават не атрымаў адказу, хаця намеснік старшыні гарвыканкама піша, што ўжо сесія звёрстана з павесткай. Хай зачытаюць людзям, што гэта за савет, які не проста не чуе, але і не хоча чуць сваіх людзей. Што датычыць гарвыканкама, то яны нічога ад сябе не напісалі, як добрыя чыноўнікі яны толькі спасылаліся на ўсе цыркуляры, якія існуюць. Пытанне вельмі вострае, бо гэта пытанне ўласнасці, гэта праблема перадзелу багацця, якое было створана пакаленнямі людзей.

Мікалай Новікаў вырашыў балатавацца па Цыялкоўскай 11-й акрузе ў абласны савет дэпутатаў і па 21-ай Маскоўскай у гарадскі савет. Падчас выбарчай кампаніі апазіцыяер плануе ўздымаць праблему зноса кварталаў прыватнай забудовы ў Гомелі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель