Мікалай Падгайскі: Недастаткова ў нас ініцыятыўных людзей



У мінулыя выходныя Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы адзначыла 30 год сваёй дзейнасці. Было шмат удзельнікаў, якія эмацыйна гаварылі пра рост сваёй свядомасці пад уплывам Таварыства, прагучалі і крытычныя заўвагі.

Падрабязней пагаворым з госцем Радыё Рацыя, які раней узначальваў філію, Мікалаем Падгайскім:

РР: Як вы ацэньваеце работу Таварыства беларускай мовы за 30 гадоў?

Мікалай Падгайскі: 30 гадоў – гэта такі аграмадны тэрмін, гэта так многа зроблена, многа, магчыма, і не зроблена. А ўся праца была на энтузіязме з самага пачатку і да сённяшняга дня. Усё ж такі мова – гэта тое, што найбольш аб’ядноўвае людзей, якія працуюць у гэтай арганізацыі. У цяжкія далёкія, амаль савецкія часы, было не проста людзям працаваць.

РР: Але, наколькі я пачула з выступаў, таго ж Міхася Берната, што яны хадзілі і на прадпрыемствы і ў школы з лекцыямі, то-бок, свабодна працавалі з насельніцтвам. Я б сказала, што зараз умовы найбольш цяжкія.

Мікалай Падгайскі: У гэтым сэнсе непараўнальна складаныя. Пасля прыходу Лукашэнкі сітуацыя ў корні змянілася. І не толькі, што потым не маглі хадзіць па прадпрыемствах, а нават памяшканне папрасіць, напрыклад, бібліятэку, для правядзення мерапрыемства, гэта было немагчыма. Не давалі. Не давалі нідзе.

РР: І зараз таксама?

Мікалай Падгайскі: Цяпер амаль таксама. Але зараз у нас ёсць дом, аднавілі, запусцілі яго ў эксплуатацыю. І цяпер нам лягчэй. Мы любое сур’ёзнае мерапрыемства можам правесці ў гэтым доме. Хаця цяпер у нас дружбы з улада трохі болей. Таварыства цяпер займаецца справай толькі таварыства. Раней была і некаторая палітычная дзейнасць, некаторых сяброў з кіраўніцтва арганізацыі. Таму там былі свае складанасці, звязаныя ў многім з гэтым. Мне здаецца, каб чыста па пытаннях беларускай мовы, культуры Таварыства працавала, у 2000-ых, пачатак – сярэдзіна 2000-ых, то лягчэй было, быў бы лепшы кантакт з уладамі. Мы цяпер адмовіліся ад чыста палітычнай барацьбы.

РР: Вы адмовіліся, але не адчуваеце, што гэта ўсё ж такі мінус вашай дзейнасці? Таму што гэта ж адраджэнская праца. Усё роўна, я думаю, улады вам не давяраюць.

Мікалай Падгайскі: Канешне, улады, па-першае, не давяраюць. Улады насцярожана адносяцца да нас. Але калі мы да іх звяртаемся, то заўсёды з намі паводзяць карэктна чыноўнікі любога ўзроўню.

РР: Пасля таго, як вы ім „пакляліся”, скажам так, што не будзеце лезці ў палітыку?

Мікалай Падгайскі: Мы нікому не кляліся. Абсалютна. Проста Сырыца сыйшоў, а Сырыца быў заангажаваны ў палітычнай дзейнасці. Сырыца – быў цэнтрам грамадзянскай супольнасці. Ён быў пісьменны, разумны, абаяльны – умеў напісаць пісьмо, умеў стварыць любы дакумент, да яго ішлі ўсе, у тым ліку і гэтыя палітыкі, якія ў нас бываюць часцяком даволі недасведчаныя. Ён смела выступаў. Заўсёды імкнуўся ўдзельнічаць у гэтых выбарчых камісіях. Можа быць з-за чаго ён і памёр, быў удзельнікам гарадской выбарчай камісіі, і пасля выбараў сказаў праўду, тую праўду, якая была на самой справе, пра тое, што там тварылася.

РР: Пасля гэтага праз пару дзён ён і памёр?

Мікалай Падгайскі: Ён праз некалькі дзён, можа праз тыдзень-два і памёр пасля гэтага. Тут з аднаго боку гэтая смерць выклікае і некаторыя пытанні, а з другога боку яўных прэтэнзіяў да ўлады няма.

РР: Апошнімі гадамі яны яго не чапалі?

Мікалай Падгайскі: Што значыць не чапалі?

РР: Так, як калісьці, калі падкінулі патроны.

Мікалай Падгайскі: Такога яны ўжо больш не рабілі. Гэта не значыць, што яму было намнога лягчэй. Ну ва ўсякім разе нейкі давер можна разглядаць, што яны яго ўзялі ў выбарчую камісію. У гарадскую выбарчую камісію уключылі старшыню мясцовага Таварыства беларускай мовы. Гэта таксама быў узровень нейкага даверу. Але ён, як сумленны чалавек, сказаў пра тое, што пабачыў.

Улада нам на святкаванне 100-годдзя БНР дала памяшканне, далі музыкантаў. Яна нам даволі моцна пайшла насустрач – рэальна і моцна дапамагла ў правядзенні гэтага святкавання. Дастаткова нармальныя ў нас сёння адносіны.

РР: А якіх вынікаў вы дамагліся адносна пашырэння ўжывання беларускай мовы?

Мікалай Падгайскі: Хаця не так гладка, але мы дамагаемся стварэння беларускіх класаў для тых, хто хоча ў гэтых класах вучыцца. Адносна аўтавакзала ўлады пайшлі нам насустрач – аформілі аўтавакзал па-беларуску. Аб’явы ў аўтобусах – мы таксама пра гэта пытанне ставілі.

РР: А што вы лічыце мінусам у вашай дзейнасці?

Мікалай Падгайскі: Асноўны мінус – у нас недахоп людзей, якія праяўляюць ініцыятыву, і якія могуць і хочуць нешта рабіць. Такіх людзей вельмі мала.

Цалкам размова ў гукавым файле:

З нашым госцем Радыё Рацыя Мікалаем Падгайскім размаўляла Алеся Адамчук.