Мікалай Статкевіч: Рэжымы Сталіна і Гітлера былі падобныя



Рэжымы Сталіна і Гітлера былі падобныя, бо яны прывялі да мільённых ахвяр насельніцтва сваіх краін. Пра гэта заявіў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч 8 траўня падчас ускладання на Вайсковых могілках кветак загінулым пры вызваленні Менска ў 1944 годзе савецкім салдатам.

Разам з тым, падкрэсліў ён, „менавіта нацызм не пакідаў шанцаў на выжыванне нашаму народу”. „Людзі, якія ваявалі, рабілі гэта не за Сталіна, не за камунізм, а за выжыванне народа. Ідэалогія нацызму прадугледжвала, што ёсць другасныя нацыі рабоў, якія трэба знішчаць”, — сказаў палітык.

Статкевіч адзначыў, што вайна з боку СССР „вялася жудасна” і нагадаў пра 42 мільёны ахвяр, дадзеныя аб якіх прыводзяцца ў апошні час.

Палітык таксама заявіў аб недапушчальнасці „здзекаў і збіцця”, якія практыкуе ўлада падчас акцый апазіцыі ў апошнія месяцы.

У акцыі ўдзельнічалі каля 20 чалавек, у тым ліку вядомая актывістка Ніна Багінская, жонка Статкевіча Марына Адамовіч, а таксама іншыя палітычныя і грамадскія актывісты. За падзеямі назіралі некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным, вялася відэаздымка.

Штогод з 1992 года ўскладанне кветак на Вайсковых могілках сталіцы праводзяць актывісты розных дэмакратычных арганізацый. У апошнія гады арганізатарамі акцыі з’яўляюцца члены аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), які ўзначальвае Мікалай Статкевіч.

Вечарам 8 траўня 1945 года па цэнтральнаеўрапейскім часе быў падпісаны акт аб капітуляцыі Германіі і яе ўзброеных сіл.

belapan.by