Мікалай Статкевіч сустрэўся з гамельчукамі



У Гомелі прайшла сустрэча з лідарам Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Мікалаем Статкевічам. У двары грамадска-палітычнага цэнтра па вуліцы Палеская сабралася каля 70 чалавек. Прысутныя выслухалі справаздачу ад палітыка за год існавання БНК і таксама задалі пытанні пра нацыянальную бяспеку і палітычную сітуацыю. Па завяршэнні сустрэчы Мікалай Статкевіч заўважыў, што антыдармаедскія пратэсты істотна памянялі настроі ў грамадстве.

Настрой цалкам пазітыўны. Я назваў бы яго спакойным разуменнем неабходнасці нешта рабіць. Людзі больш разняволеныя, больш спакойныя, упэўненыя, чым год таму. І ніякіх слядоў адчування страху. Калі я сам звяртаўся да гэтай тэмы, што вось, страшна сюды прыйсці і г. д., то ніякай рэакцыі я не адчуў. А год таму людзі ківалі, пагаджаліся, што ім было цяжка прыйсці сюды. Усё ж людзі паступова пераадольваюць страх.

Мікалай Статкевіч заклікае беларусаў далучацца да дзейнасці Беларускага Нацыянальнага Кангрэса і ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель