Мікалай Статкевіч: Сяргея Кунцэвіча катавалі электрашокерам



Палітык і былы палітвязень Мікалай Статкевіч паведаміў, что яго бліжэйшы саратнік Сяргей Кунцэвіч, які быў затрыманы напярэдадні Дня Волі, падвяргаўся катаванням.

Зараз Кунцэвіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ і абвінавачваецца ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Па словах Статкевіча, у атрыманай запісцы, сярод іншага, ёсць словы пра тое, што над Кунцэвічам “праводзіліся катаванні электрашокерам. Хацелі даведацца, дзе Мікалай маецца на ўвазе Стакевіч”:

– Далей ён піша, што бутэлькі, так званыя «кактэйлі молатава», якія паказвалі па СТВ і звязвалі іх з Сяргеем, падкінула КДБ. Ён звяртаецца да гэтай тэмы, напэўна яшчэ не ведае, бо знаходзіцца ў ізаляцыі, што гэтая правакацыя выкрытая, што невядомы блогер зняў на відэа, як гэтыя «кактэйлі молатава» даставалі з аўтобуса без нумароў сіняга колеру, а потым гэтыя бутэлькі знялі каля машыны Сяргея.

Мікалай Статкевіч таксама звярнуў увагу, што па так званай “справе патрыётаў” былі затрыманыя 32 чалавекі, палова з якіх ужо вызвалена. Паводле палітыка, вызваленыя не гавораць пра ўмовы ўтрымання і метады вядзення следства і спасылаюцца на падпіску аб неразгалошванні.

Але ўскосна даходзіць інфармацыя, што адносна некаторых з іх таксама ужываліся незаконныя метады следства.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя