Мікалая Аўтуховіча нарэшце выпусцілі ў Менск на лячэнне



Мікалай Аўтуховіч лечыцца ў адным з менскіх шпіталяў. Былы палітычны вязень спачатку не мог атрымаць дазвол на выезд з Ваўкавыску, бо такі дазвол яму павінен выдаць міліцыянт. Аўтуховіч пасля свайго вызвалення ў красавіку знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам і мае абавязак пытацца пра дазвол на выезд з гораду. У той жа час ён патрабуе правядзення 3D-тамаграфіі ніжняй сківіцы для далейшага лекавання зубоў, а гэта можна зрабіць толькі ў Менску:

-Я кажу, што ў мяне ёсць накіраванне майго лекара. Навошта мне яшчэ па нейкіх паліклініках бегаць і браць паперу, што яны не могуць аказаць мне пэўныя паслугі? Я прынёс ім другое накіраванне, дзе мой лекар растлумачыў, што 3D-тамаграфія робіцца толькі ў Менску. На што мне міліцыянт адказаў, што яму трэба, каб дзяржаўная ўстанова напісала, што тут гэтага зрабіць не могуць.

У выніку Мікалай Аўтуховіч прынёс іншую паперу пра тое, што патрабуе выезду ў Менск для часовага пражывання там. І атрымаў дазвол на выезд. Былы палітвязень кажа, што заўсёды быў і застаецца прынцыповым у вырашэнні пытанняў:

-Будзем працаваць з юрыстамі. Ёсць жа Канстытуцыя. А то нейкі міліцыянт вырашае, раз я пад надзорам, выпускаць мяне ці не. Так немажліва, каб было.

Мікалай Аўтуховіч адсядзеў тэрмін у 5 гадоў і 2 месяцы зняволення за захоўванне некалькіх патронаў да паляўнічай стрэльбы. Вядомы ў Ваўкавыску бізнесовец, ветэран афганскай вайны і барацьбіт з карупцыяй упэўнены ў палітычных прычынах яго зняволення і пераследу.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Міліцыя чыніла перашкоды ў атрыманні былым палітычным зняволеным Мікалаем Аўтуховічам паўнавартаснай медыцынскай дапамогі. За гады, якія Мікалай Аўтуховіч правёў у зняволенні, у яго вельмі моцна пацярпелі зубы.

Зараз Аўтуховіч тэрмінова мае патрэбу ў 3D-тамаграфіі сківіцы і правядзенні аперацыі па ўжыўленні зубных імплантантаў.

Таксама яму трэба прайсці поўнае медыцынскае абследаванне. У Ваўкавыску, дзе жыве Аўтуховіч, ды і ва ўсёй Гродзенскай вобласці, такой магчымасці няма, па прычыне адсутнасці 3D-тамографа ў медыцынскіх установах, паведамляе charter97.org.

Былы палітычны зняволены Мікалай Аўтуховіч адбыў тэрмін і 8 красавіка выйшаў з гарадзенскай турмы, дзе ён адседзеў 5 гадоў і 2 месяцы.

Аднак, за ім быў усталяваны прэвентыўны нагляд, па правілах якога яму забаронена пакідаць Ваўкавыск без дазволу міліцыі.

Беларускае Радыё Рацыя