Міхаіл Пастухоў: Улады адкінулі правілы прыстойнасці



Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў распавядае пра незвычайныя рашэнні беларускіх судоў.

Як вядома, яшчэ ў сакавіку Фрунзенскі суд Менска пакараў Алега Волчака 13 суткамі адміністрацыйнага арышту быццам бы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць дэкрэта аб “дармаедах”, якая прайшла 17 лютага. Волчак абскардзіў прысуд у Мінскім гарадскім судзе, і той вызначыў, што пры прыняцці рашэння былі дапушчаны працэсуальныя парушэнні. Справу накіравалі на новы разгляд у той жа Фрунзенскі раённы суд. А не так даўно праваабаронца даведаўся, што паўторны суд над ім адбыўся завочна амаль месяц таму. Пры гэтым на працэс не запрасілі ні яго, ні адваката, ні нават сведак-міліцыянераў.

12 чэрвеня Менскі гарадскі суд у другі раз скасаваў рашэнне Фрунзенскага суда сталіцы і накіраваў справу на новы разгляд у той жа раённы суд. Судзяць Волчака па адміністрацыйнай справе ўжо амаль тры месяцы!

Міхаіл Пастухоў: Завочны суд – гэта адступленне ад агульных правіл, і з’яўляецца выключным выпадкам, калі, нягледзячы на ўсе высілкі суда, не ўдаецца забяспечыць яўку фігуранта справы. Але ў нашым выпадку пра працэс нават адвакат не ведаў. І гэта гаворыць пра тое, што ўлады ўжо адкінулі ўсялякія формы і правілы прыстойнасці і банальна вырашаюць тыя задачы, што перад імі паставілі. Яны не глядзяць на асобы і абставіны.

РР: Мінскі гарадскі суд у другі раз адмяніў рашэнне першай інстанцыі і ізноў накіраваў справу на разгляд у той жа раённы суд…

Міхаіл Пастухоў: Гэта таксама вельмі рэдкі прэцэдэнт і сведчыць, што справа знаходзіцца пад кантролем наверсе, але ўлады не ведаюць, што далей рабіць у гэтай сітуацыі. Закрыць справу ім не вельмі хочацца, але асудзіць таксама не могуць, бо справа знаходзіцца не толькі ў фокусе беларускай грамадскасці, але і міжнародных арганізацый. Вось і шукаюць нейкае выйсце з сітуацыі. А праваабаронца, на мой погляд, вельмі талкова пабудаваў сваю абарону і, як кажуць, не здаецца перад абставінамі. Хаця і перамогі дасягнуць у гэтым супрацьстаянні вельмі складана.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя