Мікола Дзядок: Не бачу вялікага жадання разбірацца ў справе



Журналіст і былы палітвязень Мікола Дзядок распавёў, як ён спрабуе прыцягнуць да адказнасці ілжэсведку.

Сёння, 10 красавіка, Мікола Дзядок быў выкліканы для дачы тлумачэнняў у суд Маскоўскага раёна г. Менска. Раней ён падаў заяву на імя суддзі Таццяны Мотыль аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 24.4 КаАП (заведама ілжывыя тлумачэнні альбо заява) Юліі Бушляковай, якая сведчыла супраць яго на судзе.

20 сакавіка адбыўся суд, дзе Мікалая Дзядка абвінавачвалі ў нанясенні надпісу пра міліцыянтаў на сцяне інтэрната №1 „МАПІД”. За дзень да гэтага, 19 сакавіка, актывіста затрымалі і паведамілі, што на яго складзены пратакол па арт. 17.1 КаАП –”Дробнае хуліганства”, інфармуе spring96.org.

На судзе Юлія Бушлякова сведчыла, што 2 лютага бачыла менавіта Дзядка адразу пасля нанясення надпісу. Але на судзе высветлілася, што ў гэты час ён знаходзіўся ў Польшчы.

Мікола Дзядок: У судзе ўзялі тлумачэнне наконт маёй заявы на ілжэсведку Бушлякову. Патлумачыў, што падтрымліваю свае заяўленыя патрабаванні.

Аднак сакратарка суда, якая брала тлумачэнне, пыталася: чаму раптам я вырашыў, што тлумачэнні Бушляковай аб тым, што яна бачыла мяне ля надпісу, за які і хацелі асудзіць, заведама ілжывыя?

Я сказаў, што, па-першае, суд вярнуў справу на дапрацоўку. Па-другое, РУУС прызнаў, што правапарушэння не было. І, па-трэцяе, таму што Бушлякова нават пасля прад’яўлення мной штампа ў пашпарце працягвала сцвярджаць, бачыла мяне і стаіць на гэтай версіі да гэтага часу.

Сакратарка, здаецца, спрабавала мяне схіліць у той бок, што „Бушлякова толькі памылялася”. Ёсць уражанне, што ім проста не хочацца разбірацца з гэтым.

РР: Што далей?

Мікола Дзядок: Зараз ідзе праверка, а што ў далейшай перспектыве, я не ведаю. Напэўна, вырашаюць – прыцягваць да адказнасці Бушлякову ці не.

Пакуль схіляюся да таго, што яе наогул не пакараюць. І не таму, што яна такі „важны кадр” для рэжыму, а проста таму, што суду, здаецца, лянота гэтым займацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя