Мікола Папека: Судзіць нас няма за што



Вядзення крымінальнай справы на беларускай мове, а таксама пазначэння занятка ў справе “паэт”, а не “беспрацоўны”, патрабуе ў пісьмовых скаргах ад 10 красавіка паэт-пчаляр, сябра грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, сябра Міжнароднага Пэн-Клуба Мікола Папека з Пружаншчыны. У сваёй скарзе Мікола Папека звяртае ўвагу на тое, што яго паэтычны зборнік “Чарнавікі” быў адзначаны як лепшая кніга беларусіх літаратаў за 1999 год. Паэтам перакладзены паэма-ідылія Юзэфа Крашэўскага “Вёска” і яго празаічны твор “Чэрча Магіла”.

Папека пастаянна друкуецца ў перыядычных выданнях. Але адказу на яго скаргі няма да гэтага часу. Хаця прайшлі ўсе магчымыя і немагчымыя тэрміны, кажа Мікола Папека:

– Улады абвінавачваюць у тым, што нібыта на пратэсты выйшлі алкаголікі, дармаеды, наркаманы, прастытуткі. Так атрымалася і са мной. Намнога прасцей судзіць беспрацоўнага, дармаеда, алкаголіка, якімі людзі, што выйшлі на пратэст, не з’яўляюцца. Там былі высокаадукаваныя ды культурныя людзі і паводзілі сябе адпаведна. Судзіць нас няма за што.

Паэт-пчаляр Мікола Папека абвінавачваецца за ўдзел у так званай “карагоднай справе” у Берасці. Калі людзі, пратэстуючы супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах, зладзілі на вуліцы карагод, а сілавікі ўпершыню ўжылі вадамёт. Па гэтай справе прыцягнута да адказнасці больш за 50 чалавек. 7 траўня будзе вынесены прысуд трэцяй дзясятцы. Папека ў чацвёртай дзясятцы. Людзей караюць рознымі тэрмінамі пазбаўлення волі.

Беларускае Радыё Рацыя