Мікола Салянік: Нават жалезабетонныя довады нікога не пераконваюць



У дачыненні да Міколы Саляніка, старшыні абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, цягам дня прайшло два суды.

Адзін суд першай інстанцыі, Ленінскі суд у асобе Алены Пятровай, за тое, што Мікола Салянік прыйшоў у памяшканне суда ў арыштанцкай робе, прыкуўшы сябе да калоды, выпісаў 40 базавых адзінак штрафу, ці амаль тысячу рублёў.  На судзе быў праваабаронца”Вясны” Віктар Сазонаў.

– Што гэтым хацеў паказаць чалавек – тое ён паказаў. Але яго сталі абвінавачваць у нейкім масавым мерапрыемстве. Дзе тут масавае мерапрыемства – невядома. Напрыклад, Мікалай Салянік звярнуўся да аднаго сведкі і сказаў: вось вы зараз прыйшлі ў суд як сведка, але чаму ў вас дубінка вісіць (гэта быў міліцыянт), чаму ў вас пісталет вісіць? А я прыйшлоў з калодкай на шыі, ну дык і што!?

Другі суд – абласны, дзе прайшоў разгляд скаргі Міколы Саляніка суддзём Анатолем Зайцам, не пачуў довадаў абскаржніка. Падставай скаргі стаў адміністрацыйны штраф у памеры 35 базавых адзінак, які яму прысудзілі за плакат „Далоў самадзержаўе” 7-га лістапада.

Кажа Мікола Салянік пасля абласнога суда:

– Гэта ж нейкі жах! Якая закарэлая сістэма! Там усё напісана загадзя. Пазначана, колькі выпісаць базавых. Узгоднена з усімі галінамі ўлады. Нават жалезабетонныя довады, як кажа кіраўнік краіны, нікога не пераконваюць.

Агулам па двух штрафах пенсіянер Мікола Салянік павінен заплаціць 75 базавых адзінак, ці 1800 рублёў. Падтрымаць Міколу Саляніка ў абодвух судах 20-га снежаня, прыйшлі яго аднапартыйцы, праваабаронцы, журналісты.

21-га снежня ў Міколы Саляніка яшчэ адзін суд, цяпер за ўскладанне кветак у Свіслачы за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 году.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара