Міліцыя хацела хутчэй, але суд Таццяны Севярынец перанеслі



На 10-га чэрвеня Таццяне Севярынец было загадана з’явіцца ў суд Чыгуначнага раёну, бо супраць яе пачатая адміністрацыйная справа за выступ на пікеце па зборы подпісаў 31-га траўня.

Час быў указаны ў міліцэйскім пратаколе.  Аднак у судзе актывістку ніхто не чакаў. Высветлілася, што працэс перанеслі на 19-га чэрвеня, бо міліцыя папярэдне не ўзгадніла выклік з раскладам суддзяў. Такім чынам, людзі, якія прыйшлі падтрымаць спадарыню Таццяну, змарнавалі некалькі гадзінаў часу. Паводле актывісткі, спачатку ісці на суд яна не збіралася, але потым вырашыла, што пойдзе, каб асабіста звярнуцца да суддзі:

– Жаданне вялікае паглядзець у вочы суддзі і патлумачыць яму: гэтая мантыя нікога не абароніць ад народнага гневу! І пакуль ты яшчэ не з’едзены чарвямі гэтай сістэмы, здымі мантыю! Ёсць асноўны закон, Канстытуцыя, вяршэнства якой вы і павінны прытрымлівацца. І не шыць белымі ніткамі справы людзям, якія маюць гонар!

Судовы працэс мае адбыцца 19-га чэрвеня, але Таццяна Севярынец не ўпэўнена, ці будзе на ім прысутнічаць. Яна лічыць найпершым сваім абавязкам паехаць у Менск, каб прапанаваць дапамогу сям’і сына. Павел Севярынец выступаў на пікеце ў Віцебску 31-га чэрвеня і цяпер асуджаны да 15-суткавага арышту.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск