Міліцыя не знайшла асобаў, што пікетавалі супраць „Мацільды”



У Магілёве адміністрацыйная справа аб несанкцыянаваным пікеце супраць фільма „Мацільда” зноў спынена ў сувязі з немагчымасцю міліцыі ўстанавіць яго ўдзельнікаў.

Нашумелы фільм расейскага рэжысёра Аляксея Учыцеля „Мацільда” дэманстраваўся ў канцы кастрычніка ў магілёўскім прыватным кінатэатры „Кастрычнік”. 26 кастрычніка перад пачаткам паказаў трое мужчын стаялі з плакатамі „У краіны, дзе няма нічога святога, няма будучыні” і „Бог зняжаваны не бывае”. Праваабаронца Аляксандр Хамратаў запатрабаваў ад міліцыі прыцягнуць удзельнікаў несанкцыянаванага пікета да адміністрацыйнай адказнасці.

Намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін прызнаў, што ў дзеяннях удзельнікаў пікета ёсць склад адміністрацыйнага правапарушэння, аднак паведаміў, што з-за немагчымасці ўстанавіць іх асобы да адказнасці яны прыцягвацца не будуць.

Хамратаў абскардзіў міліцэйскую пастанову ў пракуратуры, якая яе адмяніла і накіравала матэрыялы справы на падрыхтоўку да новага разгляду.

У сваім паведамленні праваабаронцу ад 12 снежня Калацілкін зноў заявіў, што асобы не выяўленыя і справа спыненая. „У выпадку выяўлення асобы, якія маюць дачыненне да гэтага факта, будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КоАП”, — паабяцаў намеснік начальніка РАУС.

„Упершыню атрыманы мною адказ не ўтрымлівае ўказання на парадак абскарджання. З матэрыяламі справы яны мяне не жадаюць знаёміць катэгарычна, і я не ведаю, ці дастатковыя яны рабілі захады для ўстанаўлення удзельнікаў пікета. Я падам скаргу ў суд і там ужо пазнаёмлюся з справай”, — заявіў Хамратаў. Ён лічыць, што магілёўская міліцыя дэманструе „выбарчую няздольнасць” устанавіць асоб, якія ўчынілі правапарушэнне, паколькі вядома шмат выпадкаў, калі толькі па фатаграфіях у інтэрнэце актывісты апазіцыі прыцягваліся да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

belapan.com