Міліцыя: Прыярытэтнай застаецца версія, што хлопчык згубіўся ў лесе



Міліцыя працягвае пошукі зніклага 16 верасня ў Белавежскай пушчы хлопчыка. Па-ранейшаму адпрацоўваецца версія, што дзіця згубілася ў лесе, таму распачынаць крымінальную справу пакуль не плануецца.

Як паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко, падставай для адкрыцця крымінальнай справы можа стаць з’яўленне крымінальнага следу, але яго пакуль няма.

„Прыярытэтнай застаецца версія, што хлопчык згубіўся ў лесе і знаходзіцца менавіта там, таму будзем яго шукаць, пакуль не знойдзем”, — заявіў Дудко.

Пошукавыя атрады працягваюць прачэсваць забалочаную мясцовасць. Акрамя таго, паўторна абследуюць ужо раней правераныя сухія ўчасткі лесу. 25 верасня ў пошуках было задзейнічана прыблізна тысяча чалавек, з іх прыкладна 500 міліцыянераў, больш за 80 супрацоўнікаў МНС, у тым ліку чатыры супрацоўнікі авіяцыі. Выкарыстоўваецца верталёт. Таксама прыцягнулі больш за 300 цывільных асоб — добраахвотнікаў, мясцовага насельніцтва і супрацоўнікаў розных арганізацый вобласці.

У міліцыі звяртаюць увагу на недапушчальнасць распаўсюджвання чутак пра тое, што хлопчыка бачылі ці ён нібыта знойдзены.

Зніклага 10-гадовага Максіма Мархалюка шукаюць ужо дзясятыя суткі. Хлопчык пайшоў у лес па грыбы з вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна ўвечары 16 верасня і да гэтага часу не вярнуўся. 23 і 24 верасня ў Белавежскай пушчы праходзіла самая буйная ў краіне аперацыя па пошуку дзіцяці, у ёй удзельнічала больш за дзве тысячы чалавек, прыкладна палова з іх былі добраахвотнікі, якія прыехалі з усіх рэгіёнаў. Па стане на 18.00 25 верасня хлопчык не знойдзены.

belapan.by