Міліцыя вяртаецца на акцыі пратэсту ў горадзе над Бугам



Такую выснову зрабілі ўдзельнікі штодзённых акцыяў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Берасці. Чарговая з іх адбывалася ўвечар чацвярга і не без правакацыяў з боку асобаў у форме.

Перад пачаткам мітынгу на плошчы Леніна аўтамабіль, які належыць мясцоваму грамадскаму актывісту Віктару Клімусу, ачапілі афіцэры мясцовай міліцыі:

– Мы жывём у краіне, дзе я ўжо нічому не здзіўляюся. Я, у прынцыпе, да ўсяго гатовы. І да гэтага быў гатовы. Я, калі іх пабачыў, зразумеў, што яны не проста так з’явіліся. Там іх спачатку было двое. Не доўга музыка іграла, не доўга абяцанне спадара Рагачука адносна неўмяшальніцтва ва ўсе грамадскія масавыя мерапрыемствы заставалася выкананым.

Справа ў тым што Віктар Клімус вёз гукаўзмацняльную апаратуру на месца правядзення мітынгу і мажліва, як мяркуе ён сам, цікавасць міліцыі была менавіта да яе. Апаратуру ўсё ж удалося даставіць да месца правядзення, і жадаючыя ў фармаце «вольнага мікрафону» змаглі выступіць на мерапрыемстве. Там згадалі хвілінай маўчання расстралянага Генадзя Шутава, абвясцілі пра затрыманне фронтмэна «Дай Дарогу» Юрыя Стыльскага, узнялі пытанні міліцэйскага гвалту, выбарчых фальсіфікацыяў і забастовак. Агулам мітынг наведала каля 1000 чалавек з плакатамі і бел-чырвона-белымі сцягамі. Двое невядомых з рупарам папярэджвалі пра «парушэнне заканадаўства».

Беларускае Радыё Рацыя