Міліцыя выкарыстоўвае абсурдныя метады для ціску на апазіцыйных актывістаў



Міліцыя выкарыстоўвае ўсё больш абсурдныя метады для ціску на апазіцыйных актывістаў. Днямі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці атрымаў ліст з міліцыі горада Барысава, у якім патрабуецца, каб кіраўніцтва прафсаюза прыняло прафілактычныя меры ўздзеяння адносна Змітра Бародкі, каардынатара РЭПа па Менску і Менскай вобласці.

Раней Бародка быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 24. 23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемcтваў) і асуджаны на 10 сутак арышту:

 – Справа ў тым, што ў мяне ёсць тэлеграм-група, якая складаецца з актывістаў прафсаюза РЭП, і там хтосьці перапосціў пэўныя інфармацыйныя матэрыялы, якія былі прызнаныя потым экстрэмісцкімі. Таму я як адміністратар гэтай групы зведаў такое пакаранне – адбываў у барысаўскім ІЧУ 10 сутак. Да нас прыйшоў ліст з Барысаўскага РАУС, каб кіраўніцтва прафсаюза РЭП правяло са мной размову і прыняло пэўныя прафілактычныя меры ўздзеяння на мяне.

Па словах Змітра Бародкі, дагэтуль ні ён, ні яго калегі не сутыкаліся з такой практыкай з боку міліцыі. Як раз сёння, 19 кастрычніка, адбываецца рэспубліканскі савет прафсаюза РЭП, на якім, у прыватнасці, будзе разгледжаны ліст з Барысаўскага РАУС.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: palitviazni.info