Міліцыя вынесла папярэджанне актывісту Андрэю Шарэнду



Міліцыя вынесла папярэджанне берасцейскаму актывісту грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Андрэю Шарэнду, паведаміла БелаПАН яго жонка Паліна Шaрэнда-Панасюк.

13 лістапада Андрэя Шарэнду, які ехаў у Менск, знялі з цягніка ў Баранавічах і завезлі ў дзяжурную часць міліцыі станцыі Баранавічы-Палескія.

„Пра гэта Андрэй паведаміў мне прыблізна ў 17.30 па тэлефоне. Адпусцілі яго з міліцыі прыблізна ў 20.30, — сказала Шaрэнда-Панасюк. — Пасля гэтага Андрэй расказаў, што ў міліцыі ў яго ўзялі растлумачэнні з нагоды размяшчэння ім на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” інфармацыі пра акцыю, якая плануецца 15 лістапада ў Менску, і спачатку хацелі скласці пратакол паводле арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Скончылася тым, што Андрэя афіцыйна папярэдзілі: у выпадку парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемстваў яго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці”.

Шaрэнда-Панасюк расцэньвае гэта як спробу запалохаць актывістаў, якія маюць намер узяць удзел у гэтай акцыі ў Менску.

„Але гэта людзей не спалохала. Я ведаю: многія збіраюцца ехаць на гэтую акцыю”, — заявіла Паліна Шaрэнда-Панасюк, якая таксама з’яўляецца актывісткай кампаніі „Еўрапейская Беларусь”.