Міліцыянты забараняюць працаваць незалежным журналістам
З перашкодамі ў выкананні сваіх прафесійных абавязкаў сутыкнуўся незалежны журналіст, фрылансер, сябра БАЖ – Андрэй Мялешка. Падчас працы ў Лідскім раённым судзе, дзе агалошваўся прысуд па крымінальным пераследзе актывіста Вітольда Ашурка, да журналіста падыйшоў супрацоўнік Лідскага РАУС, маёр міліцыі Мікалай Рабушка і запатрабаваў у журналіста дакументы. Пасля чаго прыгразіў, што ў таго могуць быць праблемы, у выпадку калі матэрыял з суда з’явіцца ў сеціве.
Андрэй Мялешка лічыць, што такія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі парушаюць яго канстытуцыйыя правы:
– Згодна Кастытуцыі Рэспублікі Беларусь, я, як грамадзянін, маю права запісваць людзей, збіраць інфармацыю, даваць інфармацыю. І гэтыя міліцэйскія ўказілаўкі пра тое, што я не маю права зрабіць матэрыял у судзе ці дзесьці яшчэ, для мяне як “фількіна грамата”. Бо я лічу, што я, як журналіст, маю права працаваць па ўсёй тэрыторыі Беларусі і ніхто мне перашкаджаць не мае права.
За апошнія паўгода незалежныя журналісты і медыя ў Беларусі падвяргаюцца беспрэцэдэнтнаму ціску і рэпрэсіям з боку ўладаў. Дзясяткі з іх прайшлі праз затрыманні, збіцці, суды, арышты і вялікія штрафы. Некаторыя да гэтага часу знаходзяцца за кратамі пад крымінальным пераследам.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Вольгі Быкоўскай
