Мінадукацыі прапаноўвае без экзаменаў прымаць у ВНУ пасля службы ў войску



Міністэрства адукацыі прапаноўвае даць грамадзянам, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, магчымасць паступаць у ВНУ „на востра запатрабаваныя эканомікай” спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 23 жніўня паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч.

Паводле яго слоў, гэтая прапанова зараз прапрацоўваецца. Пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў Мінадукацыі плануе ўзгадніць з Міністэрствам эканомікі.

„Часта пад запатрабаванымі спецыяльнасцямі разумеюць эканамістаў, юрыстаў, — сказаў Каспяровіч. — Але гэта ўяўная запатрабаванасць з боку абітурыента. Мы ж гаворым пра запатрабаванасць з боку працадаўцы, калі ў нас заявак на выпускнікоў больш у тры-чатыры разы, чым саміх выпускнікоў. Гэта асобныя тэхнічныя, машынабудаўнічыя, сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Але гэта гнуткі пералік, ён зацвярджаецца двума ведамствамі — міністэрствамі адукацыі і эканомікі, можа змяняцца кожны год”.

Кандыдат на паступленне ў ВНУ па такой схеме, адзначыў прадстаўнік Мінадукацыі, павінен будзе прынесці ў прыёмную камісію дакумент, які пацвярджае яго службу ў войску па прызыве, хадайніцтва вайсковай часткі, а таксама пасведчанне аб выніках папярэдняй адукацыі, напрыклад, школьны атэстат.

Пры гэтым, сказаў Каспяровіч, права на паступленне без экзаменаў учарашняму вайскоўцу тэрміновай службы можа быць дадзенае толькі пры наяўнасці „належнага ўзроўню паспяховасці на папярэднім узроўні адукацыі”. „Належны ўзровень — гэта ацэнкі ў школьным атэстаце не ніжэйшыя за пэўную велічыню. Якая гэта велічыня? Гэта можа быць 6, 7, 8 балаў, гэтыя пытанні мы прапрацоўваем. Тым не менш механізм, з нашага пункту гледжання, дзейсны”, — заявіў чыноўнік.

belapan.by