Мінадукацыі зацвердзіла графік правядзення ЦТ



Цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ) у Беларусі стартуе 11 чэрвеня з праверкі ведаў па беларускай мове, паведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі.

Па рускай мове ЦТ пройдзе 13 чэрвеня, па грамадазнаўстве — 15-га, матэматыцы — 17-га, біялогіі — 19 чэрвеня. Тэставанне па замежнай мове (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) графікам Мінадукацыі запланаванае на 21 чэрвеня. Хімію абітурыенты будуць здаваць 23 чэрвеня, фізіку — 25-га, гісторыю Беларусі — 27-га, геаграфію — 29 чэрвеня. ЦТ па сусветнай гісторыі (найноўшы час) адбудзецца 1 ліпеня.

Рэгістрацыя для праходжання ЦТ будзе праводзіцца з 2 мая па 1 чэрвеня.

Устаноўленыя таксама рэзервовыя дні для правядзення выпрабаванняў: 6 і 8 ліпеня — па беларускай і рускай мовах, 6 і 10 ліпеня — па астатніх прадметах.

Графік ЦТ зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі ад 26 лютага 2019 года № 20. У ім утрымліваецца пералік устаноў адукацыі, вызначаных пунктамі рэгістрацыі для праходжання ЦТ (у тым ліку ў рэзервовыя дні) і пунктамі правядзення тэставання. Пункты рэгістрацыі будуць адкрытыя з 9.00 да 19.00 па буднях і з 9.00 да 18.00 па суботах (18 мая і 1 чэрвеня).

Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе з 30 чэрвеня па 2 ліпеня. Тэставанне ў гэтыя дні правядуць у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Час пачатку выпрабаванняў, у тым ліку ў рэзервовыя дні, — 11.00. Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення тэставання з 10 ліпеня, у БДУ (рэзервовыя дні) — з 13 ліпеня.

Пастанова аб правядзенні ЦТ размешчаная на Нацыянальным прававым партале і сайце Мінадукацыі.

belapan.by

Фота sb.by

[manual_related_posts]