Мінадукацыя – за новы падыход у фарміраванні заказу на падрыхтоўку кадраў



Міністэрства адукацыі Беларусі мае намер карэнным чынам перагледзець падыходы да фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў. Пра гэта заявіў у інтэрв`ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказаным увечары 7 мая, кіраўнік Мінадукацыі Ігар Карпенка, адказваючы на пытанне аб суадносінах прафесійнай адукацыі з патрэбамі краіны.

„На жаль, на сённяшні момант Міністэрства адукацыі пакуль што выступае ў ролі і заказчыка, і падрадчыка падрыхтоўкі гэтых кадраў… Тут трэба зыходзіць з патрэбы нашага народна-гаспадарчага комплексу ў тых ці іншых спецыялістах. Таму невыпадкова быў праведзены прэзідыум Савета міністраў, дзе мы вызначыліся, што ўсё ж такі галоўным у плане прагназавання патрэбы тых ці іншых кадраў для сістэмы народна-гаспадарчага комплексу будзе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны”, — сказаў Карпенка.

Па-першае, паводле яго слоў, Мінпрацы аналізуе рынак працы, яго патрэбы, вядзе пастаянны маніторынг. „Па-другое, Міністэрства эканомікі: там адсочваюць, як будзе развівацца эканоміка, якія могуць з`яўляцца новыя перспектыўныя прадпрыемствы, з улікам тых навацый, якія адбываюцца ў нарматыўна-прававой базе”, — адзначыў міністр адукацыі.

Ён падкрэсліў, што стварэнне парку „Вялікі камень”, з`яўленне новых інавацыйных вытворчасцяў запатрабуюць заказу пэўных кадраў.

„Нам трэба сёння ў цэлым перагледзець канцэптуальна, як гэта будзе рабіцца. Цяпер мы якраз стварылі працоўную групу і сумесна з Мінпрацы і Міністэрствам эканомікі шукаем падыходы, як нам канцэптуальна змяніць заказ кадраў. У нейкай ступені трэба яго сумесна адпрацаваць і са статыстычным камітэтам, які ўвесь час збірае справаздачнасць. Можа быць, у рамках гэтага трэба паглядзець, як нам бачыць гэтую зваротную сувязь ад прадпрыемстваў”, — сказаў Ігар Карпенка.

Пэўныя вынікі Міністэрства адукацыі мае намер атрымаць ужо сёлета. „Наступная ўступная кампанія ў вышэйшыя, сярэдне-спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы ўжо павінна адчуць пэўныя змены па заказе кадраў”, — лічыць міністр.

Ён таксама паведаміў, што набор у гэтым годзе на бюджэтную і платную прафадукацыю будзе прыкладна 50% на 50%.

belapan.by