Мінінфарм падаў іск аб пазбаўленні tut.by статусу сеткавага СМІ



Міністэрства інфармацыі звярнулася ў суд з іскам аб спыненні выпуску сеткавага выдання tut.by, паведаміла рэдакцыя. Па рашэнні суда партал можа страціць статус сродку масавай інфармацыі, аднак зможа працягнуць сваю працу ў якасці інтэрнэт-рэсурсу без гэтага статусу.

Рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсу ў якасці сеткавага выдання носіць добраахвотны характар. Статус СМІ дае магчымасць на законных падставах прысутнічаць у раёнах узброеных канфліктаў або надзвычайных сітуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю.

Пасяджэнне прызначанае на 8 кастрычніка ў Эканамічным судзе горада Менска.

Падставай для выстаўлення іску з’явіліся раней вынесеныя папярэджанні Мінінфарма.

З 7 жніўня гэтага года tut.by атрымаў чатыры папярэджанні. Прэтэнзіі ад ведамства прыйшлі пасля матэрыялаў „У сем разоў больш выбаршчыкаў і „таемныя” пратаколы. Якія парушэнні ўбачылі назіральнікі і што сказала ЦВК?”, „Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах”, „Да рэдактара tut.by прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі справу аб масавых беспарадках” і „Беларуская мытня папрасіла пацвердзіць, што ў „Гары Потэры” няма заклікаў да звяржэння ўлады”.

Сеткавае выданне tut.by было зарэгістраванае ў студзені 2019 года, да гэтага з моманту заснавання ў 2000 годзе сайт працаваў без статусу СМІ.

„Пакуль юрысты кампаніі вывучаюць атрыманыя дакументы. Мы працягваем працаваць у ранейшым рэжыме. Мы задзейнічаем усе прававыя механізмы для таго, каб магчымыя змены не закранулі нашу аўдыторыю, кліентаў і партнёраў”, — заявіла рэдакцыя.

belapan.by

Фота: БелТА