Мінінфарм пазбавіў TUT.BY на тры месяцы статусу сеткавага выдання



Міністэрства інфармацыі сённяшнім загадам прыпыняе выпуск сеткавага выдання tut.by з 1 кастрычніка да 30 снежня, паведамляецца на сайце дзяржоргана.

У рэлізе адзначаецца, што з 7 жніўня да 15 верасня ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” было вынесена чатыры пісьмовыя папярэджанні „ў сувязі з парушэннем пры выпуску сеткавага выдання tut.by арт. 4 і 49 закона аб СМІ”.

„Гэтыя меры рэагавання прымаліся міністэрствам на падставе зваротаў дзяржаўных органаў, што выявілі ў межах кампетэнцыі інфармацыю, распаўсюджванне якой забароненае, — падкрэслілі ў Мінінфарме. — Пасля дэталёвага аналізу публікацый пісьмовыя папярэджанні выносіліся ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам. У судовым парадку яны абскарджаныя не былі”.

У міністэрстве спаслаліся на тое, што заканадаўства аб СМІ дае Мінінфарму права „накіраваць у суд іск аб спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі ў выпадку вынясення юрыдычнай асобе, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальніку (заснавальнікам) сродку масавай інфармацыі на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў”.

„Згодна з законам Міністэрства інфармацыі накіравала ў суд іск аб спыненні выпуску сеткавага выдання tut.by, маючы на тое больш чым поўныя падставы, — адзначылі ў дзяржоргане. — Вызначэннем Эканамічнага суда горада Мінска ад 25 верасня 2020 года іскавая заява была прынятая і распачатая вытворчасць па справе”.

„Згодна з падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 50 закона аб СМІ выпуск сродку масавай інфармацыі можа быць прыпынены на тэрмін да трох месяцаў рашэннем рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ў выпадку, калі ён накіраваў у суд іск аб спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі”, — аргументавалі сваё рашэнне ў Міністэрстве.

Сеткавае выданне tut.by было зарэгістраванае ў студзені 2019 года, да гэтага з моманту заснавання ў 2000 годзе сайт працаваў без статусу СМІ.