Мінінфарм удакладніў, чаму заблакаваны сайт „Хартыі”



„Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51-1 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі” прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу charter97.org. Гэтае рашэнне прынятае ў сувязі з размяшчэннем на рэсурсе інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае артыкулам 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У прыватнасці, паведамляе Мінінфарм, на інфармацыйным рэсурсе публікаваліся матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

„У адпаведнасці з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі пад нацыянальнымі інтарэсамі разумеецца сукупнасць патрэб дзяржавы па рэалізацыі збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, якія дазваляюць забяспечваць канстытуцыйныя правы, свабоды, высокую якасць жыцця грамадзян, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і ўстойлівае развіццё Рэспублікі Беларусь”, — паведамляе Мінінфарм.

Акрамя таго, гаворыцца ў паведамленні ведамства, на рэсурсе размяшчаліся артыкулы з указаннем даты і месца правядзення масавага мерапрыемства, дазвол на правядзеньне якога на момант размяшчэння публікацыі атрыманы не быў. Пры гэтым, нагадвае Мінінфарм, згодна з артыкулам 8 закона „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатар (арганізатары), а таксама іншыя асобы не маюць права абвяшчаць у сродках масавай інфармацыі, глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай ўлёткі, плакаты і іншыя матэрыялы.

Таксама адной з падставаў для прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу стала распаўсюджванне праз сайт charter97.org інфармацыйнай прадукцыі рэсурсу, які рашэннем суда прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам і ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

belapan.by