У Беларусі за суткі зарэгістравана 1.911 выпадкаў COVID-19



 За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.911 выпадкаў COVID-19. Памерлі дзевяць чалавек з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй, вынікае са звестак Міністэрства аховы здароўя.

Колькасць новых выпадкаў вырасла — 14 снежня было зарэгістравана 1.853 выпадкі каронавіруса, памерла 10 чалавек.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 164.059, памерла 1.282 пацыенты з каронавірусам.

Ачуняла 141.443 чалавекі. За суткі выпісана з устаноў аховы здароўя 1.658 пацыентаў з COVID-19.

За суткі выканана 8.704 тэсты. Усяго ў краіне праведзена 3.634.324 тэсты на каронавірус.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, рэкорды захворвання ў Беларусі абнаўляліся 3 (1.701 выпадак), 4 (1.774) і 5 (1.896) снежня, а 6, 7 і 8 снежня колькасць хворых COVID-19 паступова зніжалася — 1.878, 1.796 і 1.649 выпадкаў за суткі адпаведна. 9 снежня колькасць новых выпадкаў за суткі зноў пачало расці (1.851), а 10 (1.939), 11 (1.967) і 12 (1.975) снежня зноў былі абноўленыя рэкорды захворвання.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 15 снежня Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы заявіў, што палова выпадкаў захворвання на COVID-19 рэгіструецца ў Менску. Паводле яго слоў, прыкладна 40% ад агульнай колькасці пнеўманій таксама рэгіструюцца ў сталіцы. Гэтую інфармацыю яму пацвердзіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Лукашэнка звязвае такое высокае захворванне ў сталіцы са „скучанасцю і целяпаннямі па Менску (відавочна, гаворка ідзе аб пратэстных вулічных акцыях. — БелаПАН.), якія ўплываюць”.

Паводле звестак Лукашэнкі, сітуацыя з колькасцю пнеўманій, цяжкіх пацыентаў і тых, хто знаходзіцца на апаратах ШВЛ, стабілізавалася апошнім часам.

Днём раней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя падчас візіту Лукашэнкі ў 4-ю гарадскую клінічную бальніцу Менска паведаміў, што Беларусь цяпер знаходзіцца на піку пнеўманій і пратрымаецца на ім мінімум паўтара месяца. Паводле яго слоў, другая хваля пандэміі COVID-19 пачне спадаць толькі блізу лета.

belapan.by