Міністр абароны Раўкоў заклікаў навабранцаў падтрымліваць адзін аднаго



Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў 16 снежня ўзяў удзел у цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі вайскоўцамі новага папаўнення ў 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Печах пад Барысавам (Менская вобласць).

Фота: Міністэрства абароны

Частка выступу кіраўніка абароннага ведамства перад удзельнікамі ўрачыстасцяў была паказаная тэлеканалам СТВ у праграме навін.

„Я хацеў бы гэтым хлапчукам пажадаць паспяховай службы, пажадаць добрых узаемаадносін у калектывах сваіх. Ну і, натуральна, кожнаму з іх, каб ён бачыў, што вакол людзі, разумеў, што трэба падтрымліваць таварышаў. Таму што нехта слабейшы, нехта мацнейшы. Падтрымаем, бо нічога не здарыцца, а яму будзе прыемна. І ён будзе лепш адаптавацца да цяжкіх умоў вайсковай службы”, — сказаў генерал Раўкоў.

Паводле інфармацыі СТВ, перад прысягай у навучальным цэнтры прадстаўнікі Міністэрства абароны і камандзіры падраздзяленняў правялі сустрэчы з роднымі і блізкімі навабранцаў. Бацькі ваеннаслужачых змаглі азнаёміцца з умовамі побыту і пражывання, арганізацыяй харчавання, атрымаць адказы на ўсе пытанні.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны, 16 снежня ваенную прысягу ў часцях і злучэннях Узброеных сіл Беларусі прынялі больш за 7,5 тысячы вайскоўцаў, прызваных на тэрміновую ваенную службу, і больш за 1,5 тысячы рэзервістаў.

У Печах прысягу прынялі больш за 2.400 навабранцаў.

Да навучальнага цэнтра пад Барысавам ўжо некалькі месяцаў прыкаваная асаблівая ўвага грамадскасці з-за гібелі тут у пачатку кастрычніка вайскоўца з Пінска Аляксандра Коржыча. Абставіны яго смерці высвятляе следства.

belapan.by