Міністр адукацыі Карпенка заклікаў спыніць публічную крытыку настаўнікаў



Неабходна спыніць публічна абмяркоўваць і крытыкаваць настаўнікаў, паколькі гэта падрывае іх аўтарытэт у вачах школьнікаў, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў эфіры праграмы „Контуры” на тэленале ОНТ.

„Нашы бацькі часам не задумваюцца аб наступствах сваіх вось нейкіх такіх дзеянняў. Я ўжо ў перадачы „Нічога асабістага” ў [кіраўніка АНТ] Марата Маркава казаў: „Я разумею, што я міністр, палітычная фігура, мяне крытыкуюць, я да гэтага ўжо гатовы і гэтак далей. Але вы павінны спыніць публічна крытыкаваць настаўніка. Таму што мы тым самым падрываем яго аўтарытэт у вачах школьнікаў”. Я б усё ж такі, карыстаючыся выпадкам, кажучы ў гэтай перадачы на ўсю краіну, сказаў бы: „Давайце спынім публічнае абмеркаванне настаўнікаў„, — заклікаў Карпенка.

Ён прапанаваў для гэтага іншыя формы: педсавет, бацькоўскі сход, педагагічная супольнасць, калегіі, міністэрствы ды іншыя арганізацыі. „Але дакладна не інтэрнэт, і не школьнікі павінны абмяркоўваць з бацькамі ці яшчэ з кім-небудзь настаўніка”, — лічыць чыноўнік.

Карпенка паведаміў таксама аб планах міністэрства: „Па-першае, гэта пытанні ўмацавання вучэбнай дысцыпліны. Гэта пытанні ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў да пераходу ў профільны клас. Сёння ў нас існуе шасцёрка гэта сярэдні бал, сямёрка па профільным прадмеце. Мы падымаем сем-восем. Гэта пытанні, звязаныя з сумяшчэннем выпускнога экзамену з цэнтралізаваным тэставаннем з мэтай разгрузкі навучэнцаў”.

Міністр заявіў, што з 2023 гада сістэма адукацыі будзе гатовая праводзіць выпускны экзамен, сумешчаны з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Гэта, паводле яго слоў, прывядзе да некаторых змен у правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Акрамя таго, абноўлены змест вучэбных праграм і падручнікаў, распрацаваны „вучэбна-метадычны комплекс для факультатываў для пятых і шостых класаў, духоўна-маральнае патрыятычнае выхаванне”. „Там закранаюцца глыбінныя вытокі нашага народа з самых старажытных часоў да сучаснасці, на чым заснавалася духоўна-маральная аснова жыцця нашага грамадства”, патлумачыў чыноўнік.

Игар Карпенка

13 верасня 2019 года сайт „Моцныя навіны” размясціў відэазапіс, зроблены падчас урока ў 4-м класе гомельскай школы № 15. Настаўніца стаіць над адным з вучняў з канторкай і кажа: „Я пайду ў турму, а табе ***** * будзе!”. Дзіця, відавочна, смяецца, таму што педагог адказвае: „Ой, смешна. Смешна, што на могілкі панясуць? За тое, што над настаўнікам здзекаваўся”. Пазней настаўніца называе чацвёртакласніка „хамам” і абураецца, што ён не даваў ёй весці ўрок.

19 верасня аб інцыдэнце выказаўся Аляксандр Лукашэнка. „Паехалі, наладзілі разборкі, сабралі знізу даверху начальнікаў. Абсікаліся, што ў іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі. А абсікаўшыся, узялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму„, заявіў ён і аднавіў настаўніка на працоўным месцы.

БелаПАН