Міністр аховы здароўя пакуль не каментуе карупцыйны скандал



Міністр аховы здароўя Валерый Малашка пакуль не каментуе карупцыйны скандал у яго ведамстве.

„На сёння пакуль без каментароў”, — заявіў ён БелаПАН 28 чэрвеня ў Савеце Рэспублікі, дзе дакладваў аб праекце закона пра ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства аб якасці і бяспецы прадуктаў харчавання і харчовых прадуктаў.

25 чэрвеня старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык паведаміў аб выкрыцці маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя.

Паводле яго слоў, за сістэматычнае атрыманне хабару затрыманыя службовыя асобы, у ліку якіх дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў (за вырашэнне пытанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі лекаў), дырэктар прадпрыемства „Белмедтэхніка” Аляксандр Шарак (за арганізацыю заключэння і выкананне дагавораў, забеспячэнне своечасовай аплаты і рэалізацыі закупак). „Дарэчы, пры вобыску ў яго гаражы ў тайніку знойдзена больш за 620 тыс. долараў у эквіваленце”, — сказаў Вакульчык.

Сярод фігурантаў таксама начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Першы затрыманы за арганізацыю правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту медыцынскага абсталявання, што знаходзіцца ва ўстановах аховы здароўя Гродна, другі — за заключэнне дагавораў аб пастаўцы медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння на адрас ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны, а таксама арганізацыю і кантроль аплаты пастаўленай медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння.

Акрамя таго, затрыманыя шэраг службовых асобаў „Белмедтэхнікі”, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі працы камісіі Міністэрства аховы здароўя па закупцы абсталявання і забеспячэнні своечасовай аплаты паставак. „За здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 (атрыманне хабару), 431 (даванне хабару) і 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) КК затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама прымененыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 33 службовых асоб, а ўсяго — больш як 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі, супрацоўнічаюць са следствам”, — адзначыў Вакульчык.

Разавыя незаконныя ўзнагароджанні даходзілі да 10 тыс. долараў, а асобным службовым асобам — да 350 тыс. Шэраг фігурантаў паспрабавалі схавацца, у тым ліку за мяжой, што паскорыла вырашэнне пытання аб іх затрыманні і арышце. Старшыня КДБ падкрэсліў, што гаворка ідзе пра чыноўнікаў, у абавязкі якіх уваходзіла прыняцце рашэнняў аб закупцы медыцынскага абсталявання і лекаў, а не пра ўрачоў сістэмы аховы здароўя.

Кошт лекаў і абсталявання з-за карупцыі завышаўся на 10—60%, у асобных выпадках — на 100%, сказаў Вакульчык.

belapan.by

Фота sputnik.by