На 1 траўня ў Беларусі зарэгістравана 12 сеткавых выданняў



На 1 траўня ў Беларусі было зарэгістравана 12 сеткавых выданняў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 21 мая ў Менску міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

„У большасці гэта дзяржаўныя выданні, — паведаміў ён. — Ёсць нават карпаратыўнае сеткавае выданне, калі можна так сказаць, str3.by, якое зарэгістраваў дастаткова вядомы ў Менску будтрэст № 3 імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сярод сеткавых выданняў ёсць, на мой погляд, вельмі аўтарытэтная раённая газета — барысаўская газета „Адзінства”, я з’яўляюся чытачом яе друкаванай версіі”.

„Ёсць некалькі прыватных выданняў. Зарэгістраваны як СМІ, як сеткавае выданне досыць вядомы рэсурс tut.by. Яго зарэгістравала вядомае ТАА „ТУТБАЙ МЕДЫЯ”. Таксама ёсць некалькі медыйных рэсурсаў, якія цяпер разглядаюцца. Ніякіх пытанняў і супярэчнасцяў няма, усе яны будуць зарэгістраваныя”, — сказаў чыноўнік.

Міністэрству хацелася б, каб больш рэгіянальных СМІ рэгістравалі свае сеткавыя выданні. Паводле слоў Карлюкевіча, зараз назіраецца актыўнае развіццё „сайтаў, розных акаўнтаў, якія пазіцыянуюць сябе [інфармацыйнымі] рэсурсамі і якія паказваюць жыццё ў рэгіёнах”. Яны „хутка, калі ўжо не сёння, будуць канкураваць з друкаванымі версіямі раённых, гарадскіх газет”.

„Наколькі хапае сіл, мы сумесна з факультэтам журналістыкі БДУ, органамі дзяржкіравання, абласнымі выканкамамі даводзім [неабходнасць больш актыўна прасоўвацца ў інтэрнэце] да рэгіянальных СМІ, — адзначыў міністр. — Найбліжэйшым часам будзе праведзены рэспубліканскі семінар, які будзе тычыцца іх актыўнага ўдзелу ў сацыяльна-эканамічным жыцці рэгіёнаў”.

„Мне здаецца, што не выкарыстаны рэсурс і, магчыма, пакуль не прыйшло такое жаданне ў ведамасных СМІ зарэгістраваць свае сеткавыя выданні. Хацелася б, вядома, каб ведамасныя сродкі масавай інфармацыі больш працавалі ў інтэрнэце і сацыяльных сетках”, — сказаў кіраўнік Мінінфарма.

Рэгістрацыю сайтаў як сеткавых выданняў прадугледжваюць папраўкі ў закон аб СМІ, якія набылі моц 1 снежня 2018 года. Першым 13 снежня быў зарэгістраваны сайт газеты „Советская Белоруссия”. 29 студзеня рэгістрацыю атрымаў сайт „Настаўніцкай газеты”, 11 лютага — сайт „Гродзенскай праўды”.

21 студзеня ў якасці сеткавага выдання быў зарэгістраваны партал tut.by. Галоўны рэдактар сайта Марына Золатава адзначыла ў каментары БелаПАН, што статус сеткавага выдання мае як плюсы, так і мінусы. „З мінусаў гэта значна больш важкія штрафы і адказнасць, а з плюсоў, я спадзяюся, — цывілізаваная праца на масавых мерапрыемствах, напрыклад. Калі інтэрнэт-рэсурс не з’яўляецца сеткавым выданнем, яго супрацоўнік не мае статусу журналіста. Адпаведна, калі ён працуе на нейкім несанкцыянаваным мерапрыемстве, не зразумела, як будзе расцэненае асвятленне гэтага мерапрыемства і як будуць паводзіць сябе ў адносінах да яго праваахоўныя органы”, — сказала Золатава.

belapan.by