Мінулай ноччу былі зафіксаваныя рэкорды холаду



У Беларусі зноў устаноўлены тэмпературны антырэкорд ночы за ўвесь перыяд метэаназіранняў.

У Клічаве паветра астыла да +3,1 градуса. Ранейшы мінімум складаў 5,3 градуса (6 жніўня 1976 года ў Горках).

Як сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіўных дадзеных Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by, антырэкорды абнавіліся на 26 метэастанцыях, у тым ліку ў адным абласным цэнтры — Гомелі. Яшчэ на адной метэастанцыі зафіксавана паўтарэнне начнога мінімуму.

У Клічаве ранейшы антырэкорд складаў +6,9 градуса (у 2011 годзе). У пяцёрку самых халодных месцаў увайшлі таксама раён метэастанцыі „Палеская” на ўсходзе Брэсцкай вобласці — 3,7 градуса вышэй за нуль (было +6 у 1999 годзе), Бабруйск — 3,8 (6,2 у 1976-м), Акцябр — 4 (7 у 2011-м) і Лынтупы — 4,1 (6,3 у 1987-м). У Васілевічах, дзе было +4,8 градуса, не ўтрымаўся антырэкорд, зарэгістраваны 6 жніўня 1928 года (+6,9). У Гомелі абноўлены мінімум 30-гадовай даўніны (+8 супраць +8,8).

Начныя антырэкорды абнаўляліся таксама 3, 4 і 5 жніўня (адпаведна ў адным, 11 і 19 населеных пунктах, дзе вядуцца метэаназіранні). 5 жніўня быў усталяваны новы абсалютны мінімум ночы для ўсёй тэрыторыі краіны (2,9 у Брагіне; было +4 у Мар’інай Горцы ў 1944 годзе).

Паводле прагнозу сіноптыкаў, ноч на 7 жніўня будзе цяплейшай за папярэднюю.

Раней Белгідрамет адзначаў, што сярэдзіна цяперашняга лета аказалася самай халоднай за апошнія 20 гадоў. Тэмпературныя антырэкорды ночы абнаўляліся 4, 5 і 13—16 ліпеня. Між тым першая трэць лета апынулася анамальна гарачай, новыя рэкорды фіксаваліся 18 дзён чэрвеня (c 4-га па 17-е, 20-га, 21-га, 26-га і 30-га), а таксама 1 ліпеня.

БелаПАН