Мінулай ноччу ў васьмі раённых цэнтрах абнавіліся рэкорды холаду



Новыя тэмпературныя мінімумы зафіксаваныя ў ноч на 23 ліпеня ў васьмі раённых цэнтрах Берасцейскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласцей, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіва Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

Ранейшыя антырэкорды трымаліся ад трох да 57 гадоў.

У Ганцавічах паветра ахаладзілася да 5,5 градуса вышэй за нуль (ранейшы мінімум ночы — 6,4 у 1985 годзе), у Валожыне — да 6,8 градуса (6,9 таксама ў 1985-м), Баранавічах — да 6,9 (7 у 1971-м), Брагіне — да 7,1 (8,3 у 1963-м), Акцябры — да 7,3 (7,6 у 1983-м), Івацэвічах — да 7,4 (7,7 у 1985-м), Беразіне — да 7,5 (8,1 у 1986-м), Мсціславе — да 9,4 (10,5 у 2017-м).

У Нарачы (Мядзельскі раён Менскай вобласці) паўтораны мінімум 1978 года — 7,5 градуса.

За ўвесь перыяд метэаназіранняў самай халоднай ноч на 23 ліпеня была ў 1951 годзе ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць) — 3,3 градуса вышэй за нуль.

У ліпені мінулага года тэмпературныя антырэкорды фіксаваліся шэсць дзён (4, 5, 13—16 ліпеня), сярэдзіна лета была самай халоднай за папярэднія 20 гадоў.

Гэтай ноччу сіноптыкі прагназуюць ад 6 да 12 градусаў цяпла, у далейшым начныя тэмпературы крыху павысяцца.

[manual_related_posts]