„Мінёры” гомельскай школы адшуканыя



Устаноўлены падлеткі, якія „замініравалі” гомельскую школу, баючыся дрэнных адзнак.

Як паведамляў БелаПАН, 30 студзеня з сярэдняй школы № 55 эвакуявалі 112 чалавек у сувязі з паведамленнем пра ўзрыўчатку. Невядомы пакінуў паведамленне на сайце школы, у якім гаварылася, што ў будынку ўстановы адукацыі будзе закладзена выбуховая прылада і нібыта яе прывядуць у дзеянне ў выпадку атрымання адмоўных адзнак па выніках кантрольнай работы.

У выніку праверкі з выкарыстаннем службовага сабакі выбуховых прылад знойдзена не было.

Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка УУС Гомельскага аблвыканкама Віталя Прыстромава, аператыўнікам крымінальнага вышуку ўдалося ў самыя кароткія тэрміны ўстанавіць „жартаўнікоў”.

Вядома, што за размяшчэннем ілжывай інфармацыі аб мініраванні школы стаяць некалькі навучэнцаў навучальнай установы. Падлеткі знаходзіліся разам, калі здзяйснялі неабдуманы ўчынак.

Яны зрабілі захады, каб застацца незаўважанымі і ананімнымі ў інтэрнэце, але аператыўнікі аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій выкрылі школьнікаў.

Міліцыя папярэджвае, што заведама лжывае паведамленне аб падрыхтоўцы выбуху, падпалу ці іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей або прычынення шкоды ў буйным памеры, або наступлення iншых цяжкіх наступстваў, караецца штрафам альбо арыштам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

belapan.by