Мінздароўя чакае ад эксперыменту з платнымі паслугамі росту заробкаў урачоў



Міністэрства аховы здароўя чакае ад эксперыменту з платнымі паслугамі ў дзяржаўных медустановах павышэння хірургічнай актыўнасці ўрачоў і, адпаведна, росту іх заработнай платы і называе яго альтэрнатывай прыватным медыцынскім цэнтрам па больш даступных цэнах. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, цэнаўтварэння і дзяржаўнай маёмасці Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Калістратаў, паведамляе БелТА.

«Мы чакаем ад правядзення эксперыменту ў першую чаргу павышэння хірургічнай актыўнасці нашых лекараў, гэта значыць, большая колькасць аперацый будзе зроблена. У першую чаргу гэта будуць лапараскапічныя, эндаскапічныя аперацыі, малаінвазіўныя, якія не патрабуюць аб’ёмнага хірургічнага ўмяшання. Гэта дасць магчымасць нашым урачам дадаткова зарабіць. А для пацыента гэта альтэрнатыва прыватным медыцынскім цэнтрам па больш даступных цэнах», – сказаў ён.

Паводле яго слоў, па некаторых відах медыцынскіх паслуг цэны будуць адрознівацца ў разы.

Прадстаўнік Мініздароўя запэўніў, што гарантаваныя аб’ёмы бясплатнай дапамогі захаваюцца, а на выхадныя будуць дадаткова ўведзены штатныя адзінкі.

«У рамках эксперыменту будуць дадаткова ўведзены штатныя адзінкі, якія, апроч працы ў панядзелак-пятніцу, будуць браць дадатковую падпрацоўку на суботу і нядзелю. Гэта значыць, гарантаваныя аб’ёмы бясплатнай медыцынскай дапамогі будуць захаваны. Мы гаворым аб дадаткова ўведзеных людзях на дадатковыя гадзіны і дадатковых аб’ёмах хірургічных умяшанняў», – распавёў ён.

Раней, з 1 траўня 18 устаноў аховы здароўя (бальніцы і РНПЦ) у рамках эксперыменту Міністэрства аховы здароўя аказваюць медыцынскія паслугі на платнай аснове «звыш устаноўленага дзяржавай гарантаванага аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі». Размова ідзе аб планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамозе, за выключэннем медыцынскіх паслуг, што аказваюцца дзецям, і трансплантацыі органаў і тканак.

Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка пракаментаваў гэтую ініцыятыву на дзяржТВ. Паводле яго слоў, аказалася, што беларусы ў выхадныя не маглі звярнуцца ў бальніцу і ездзілі на аперацыі за мяжу.

«Бясплатная, вядома, засталася. Усе гэтыя стандарты, элементы нашай бясплатнай медыцыны засталіся дзейнічаць. Проста ў выходны дзень нашыя грамадзяне так званы турызм ажыццяўлялі ў краіны Захаду для таго, каб здзейсніць тое ці іншае аператыўнае ўмяшанне, паколькі мы ў выходны дзень не маглі гэта зрабіць. Таму мы пайшлі на эксперымент для таго, каб нашы ўрачы маглі таксама аказваць гэты спектр паслуг па тых ці іншых аператыўных умяшаннях, абследаваннях і атрымліваць, адпаведна, заработную плату з улікам рэальна ўкладзеных затрат», – сказаў ён.

Раней Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыпыніла ліцэнзію двух прыватных медцэнтраў – «Клінікі А1» і «ЛОДЭ». 13 траўня ў медцэнтр «Нардзін» прыйшлі супрацоўнікі ДФР КДК. Заснавальніка медцэнтра Дзмітрыя Сайкова затрымалі і пазней адпусцілі. На АНТ сцвярджалі, што «Нардзін» 10 гадоў аказваў артапедычныя паслугі без ліцэнзіі.

Reform.by

[manual_related_posts]