Мінздароўя плануе пачаць вакцынацыю супраць ГРЫПу на месяц раней



У Міністэрстве аховы здароўя плануюць распачаць вакцынацыю супраць ГРЫПу на месяц раней, у верасні, як гэта было летась. Такі захад абумоўлены пандэміяй. Медыкі другі год запар будуць намагацца не дапусціць сумяшчэння двух небяспечных вірусаў.

Па словах лекара Надзеі Яхімчук, сучасная процігрыпозная прышчэпка максімальна распрацавана з улікам штогадовых мутацый хваробы:

– Як правіла, вакцына складаецца з трох кампанентаў, трох розных вірусаў. Абавязкова прысутнічае вірус групы В, абавязкова прысутнічае кампанент высокапатагеннага вірусу H1N1, якога мы ўсе вельмі баімся. І як правіла, менавіта ён выклікае такое ўскладненне як вірусная пнеўманія, з якой вельмі складана змагацца. І яшчэ адзін кампанент – яшчэ нейкага вірусу тыпу А.  

Суразмоўца дадае, што грамадзянам, якія паставілі сабе супрацькавідную прышчэпку ўсё роўна варта праходзіць вакцынацыю супраць ГРЫПу, але з інтэрвалам у месяц.

Беларускае Радыё Рацыя