Мінздароўя рэкамендуе адмовіцца ад ужывання вады з-пад крана
Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе адмовіцца ад ужывання вады, пакуль не стане вядома, што вада адпавядае патрабаванням па ўсіх паказчыках.
Пра гэта паведаміла галоўны санітарны лекар Беларусі Наталля Жукава падчас брыфінгу аб сітуацыі з водазабеспячэннем Менска 25 чэрвеня.
– Каб нармалізаваліся ў першую чаргу паказчыкі органалептычныя, фізіка-хімічныя. Ёсць у нас першыя дадзеныя пра тое, што па мікрабіялагічных паказчыках вада адпавядае патрабаванням. То бок мы не знайшлі там патагенных мікраарганізмаў, але даследаванні гэтыя яшчэ працягваюцца. Мы рэкамендуем усё ж такі ўстрымацца пакуль ад ужывання вады, пакуль мы дакладна не будзем ведаць, што вада цалкам адпавядае патрабаванням.
Два раёны Менска – Маскоўскі і Фрунзенскі – засталіся без пітной вады. 24 чэрвеня жыхары пачалі масава скардзіцца на кепскі пах вады. Аднак, як паведамляе галоўны санітарны лекар Наталля Жукава, паводле мікрабіялагічных паказчыкаў, вада адпавядае патрабаванням і патагенных мікраарганізмаў у ёй не знойдзена.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА
