Мінздароўя: Выпадкі каранавіруса 2019-nCoV у Беларусі не выяўленыя



Выпадкаў каранавіруса 2019-nCoV у Беларусі не выяўлена, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік 28 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Удзел у прэс-канферэнцыі акрамя Караніка ўзялі яго намеснік — галоўны санітарны ўрач Наталля Жукава, намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, намеснік начальніка ўпраўлення Азіі і Афрыкі МЗС Ігар Белы і загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Ігар Карпаў.

Паводле слоў Караніка, у нацыянальным аэрапорце Менск плануецца ўвесці двайны кантроль для выяўлення каранавіруса. Першасны кантроль будзе на борце. Пры выяўленні падазрэння на ВРВІ ён працягнецца ў ізаляваным памяшканні.

Акрамя таго, найбліжэйшымі днямі ў аэрапорце будзе наладжаны лабараторны кантроль, сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя. Пры падазрэнні на вірус аналіз (мазок слізістай рота) можна будзе здаць непасрэдна ў аэрапорце, сказаў Каранік. Прайсці тэсты таксама будуць прапаноўваць усім, хто кантактаваў з хворымі — тымі, хто прыбыў з Кітая. Вынік будзе гатовы праз 4—12 гадзін.

Паводле слоў кіраўніка Міністэрства аховы здароўя, цяпер удакладняюцца спісы студэнтаў і іншых грамадзян КНР, якія з’ехалі ў Кітай на вакацыі.

Раней у Міністэрстве аховы здароўя заяўлялі, што прыняцце ў Беларусі экстранных супрацьэпідэміялагічных мер у сувязі з распаўсюджваннем у свеце каранавіруса новага тыпу 2019-nCoV не патрабуецца. У аэрапорце ўсіх прыляцеўшых сустракаюць з цеплавізарам, які дазваляе выявіць пасажыраў з перавышэннем тэмпературы цела і прыкметамі інфекцыйнага захворвання, узмоцненая роля санстанцыі, якая дзяжурыць у аэрапорце.

24 студзеня намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская заявіла на прэс-канферэнцыі, што асобнае назіранне будзе арганізаванае за студэнтамі з Кітая, якія вучацца ў Беларусі. Па гэтым пытанні Міністэрства аховы здароўя ўзаемадзейнічае з міністэрствамі адукацыі, спорту і турызму, а таксама іншымі ведамствамі.

Паводле звестак Мінадукацыі, за апошнія тры гады колькасць кітайскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ павялічылася амаль у чатыры разы — да 4 тысяч.

„Мы прадугледжвалі павышаныя рызыкі, звязаныя менавіта з гэтымі студэнтамі, — адзначыла эпідэміёлаг. — Праца ў гэтым кірунку арганізаваная. Калі гэтыя студэнты будуць вяртацца на вучобу пасля вакацый, за імі будзе арганізаванае медыцынскае назіранне на працягу 14 дзён (столькі максімальна доўжыцца інкубацыйны перыяд. — БелаПАН.). У выпадку ўзнікнення ў іх сімптомаў будуць прынятыя ўсе неабходныя меры”.

Пра ўспышку невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань улады Кітая інфармавалі Сусветную арганізацыю аховы здароўя ў канцы снежня 2019 года. У пачатку студзеня мясцовыя медыкі ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы — каранавірус 2019-nCoV.

Паводле дадзеных Дзяржаўнага камітэта КНР па пытаннях аховы здароўя, на 28 студзеня ад пнеўманіі, выкліканай каранавірусам, памерлі каля 100 чалавек. Жыхарам гарадоў Ухань і Хуанган забаронена выязджаць з-за пагрозы распаўсюджвання віруса.

На дадзены момант выпадкі заражэння пнеўманіяй новага тыпу пацверджаныя ў 25 правінцыях, аўтаномных раёнах і гарадах Кітая, а таксама ў Японіі, Паўднёвай Карэі, Тайландзе, ЗША.

belapan.by

[manual_related_posts]