Мітрапаліт Кандрусевіч: МУС штучна заніжае колькасць удзельнікаў набажэнстваў



Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў незадаволенасць тым, што ў апошнія гады міліцыя штучна заніжае статыстыку па колькасці беларускіх вернікаў, якія ўдзельнічаюць у калядных і велікодных набажэнствах.

Свае прэтэнзіі каталіцкі іерарх выказаў у адкрытым лісце на адрас міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, паведамляе партал Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Апублікаваная на сайце МУС інфармацыя пра тое, што ў сёлета на набажэнствах на Божае Нараджэнне па ўсёй Беларусі прысутнічала каля 40 тыс. вернікаў, паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, „не адпавядае рэчаіснасці”. „Гэтая лічба з’яўляецца яўна заніжанай, пра што сведчаць даныя па Менску і Гародні, не кажучы пра іншыя парафіі, асабліва на Гарадзеншчыне”, — адзначыў каталіцкі іерарх.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі заявіў, што на службах на Божае Нараджэнне ў Менску сёлета было каля 11 тыс. чалавек, у Гародні — каля 13 тыс., у Лідзе — каля 6 тыс. „Гэта значыць, у трох гарадах прысутнічала 75% ад даных, якія прадставіла МУС. А колькі было ў іншых гарадах, напрыклад Ашмянах, Ваўкавыску, Браславе, Паставах, Глыбокім, Баранавічах, Брэсце і іншых?” — адзначыў Кандрусевіч.

Акрамя гэтага арцыбіскуп зазначыў, што ў час святкавання Вялікадня і Божага Нараджэння каталіцкі касцёл, як правіла, улічвае не толькі тых, хто прыйшоў у храм ноччу, але і днём, паколькі далёка не ўсе вернікі могуць удзельнічаць у начных набажэнствах.

„У гэтым годзе на калядных начных і дзённых набажэнствах у Менску прысутнічала каля 32 тыс. чалавек, у Гродне — каля 40 тыс., у Лідзе — каля 20 тыс. Таму рэальная колькасць удзельнікаў набажэнстваў на Божае Нараджэнне ва ўсёй Беларусі ў шмат разоў большая, чым паведамляецца на сайце МУС”, — заявіў ён.

Каталіцкі іерарх падкрэсліў, што ў яго выклікае непакой схільнасць МУС штучна заніжаць даныя пра удзельнікаў святочных набажэнстваў. Так, калі на Божае Нараджэнне ў 2011 годзе міліцыя налічыла 240 тыс. чалавек, то ў 2012-м — 95 тыс., у 2013-м — 83 тыс., а ў 2014-м — 58 тыс.

„Выказваю надзею, што ў будучым МУС будзе прыводзіць адпаведную праўдзе інфармацыю пра ўдзел вернікаў у каталіцкіх набажэнствах”, — падсумаваў мітрапаліт Кандрусевіч.

У МУС ліст Кандрусевіча пакуль не каментуюць.