Мітрапаліт Кандрусевіч раскрытыкаваў метады міліцыі



Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2 мая ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце з дакладам аб узаемадзеянні рэлігійных арганізацый і дзяржавы, раскрытыкаваў асобныя метады міліцыі пры забеспячэнні парадку падчас рэлігійных мерапрыемстваў.

Бяспека грамадзян падчас масавых святочных набажэнстваў важная для касцёла гэтак жа, як і для дзяржавы, адзначыў ён у сваім дакладзе, поўны тэкст якога апублікаваны на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

„Аднак сітуацыя, якая ўзнікла сёлета падчас святкавання Вялікадня ў Мінску, зусім не спрыяла настрою галоўнага хрысціянскага свята, — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Першае, што ўбачыла святочная велікодная працэсія, выходзячы з кафедральнага касцёла, — спецаўтамабіль ля яго ўваходу, так званы аўтазак. Відавочная прысутнасць гэтых спецаўтамабіляў на далейшым шляху працэсіі стварала настрой напружанасці, недаверу да народа, які мірна ўслаўляў ўваскрослага Хрыста”.

Паводле яго слоў, дзяржава і касцёл „павінны навучыцца сумесна прафесійна выпрацоўваць такі план дзеянняў падчас арганізацыі вялікіх касцельных мерапрыемстваў, які будзе спрыяць рэлігійнаму святкаванню, а не ўскладняць ці нават перашкаджаць у яго правядзенні”.

Найперш, адзначыў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, гэта тычыцца штогадовых урачыстасцяў у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці), працэсіі Божага Цела ў Мінску і іншых рэлігійных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў епархіях касцёла ў Беларусі.

 
 
Фота catolic.by