Мітынг да 100-годдзя Кастрычніка ў Бярозе праігнаравалі



 Мітынг у гонар 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Бярозе прайшоў даволі сціпла. Нягледзячы, што куратарамі свята былі мясцовы раённы савет і раённы выканаўчы камітэт.

Склад мітынгоўцаў быў рознаўзроставы. Пяток школьнікаў-бээрсээмаўцаў сярэдняга школьнага ўзросту ў спецадзенні са сцягамі сваёй арганізацыі, двое школьнікаў малодшага школьнага ўзросту таксама ў спецадзенні з надпісам “будзь з намі”. Яны трымалі плакат з эмблемай таварыства чырвонага крыжа. З дарослых пераважна камуністы-пенсіянеры са сваім лідарам і чыноўнікі сярэдняга звяна. Пасля выступаў камуністычнага кіраўніка Віктара Максімавіча і супрацоўніка райвыканкама Аляксандра Крагеля, ускладзены вянкі і кветкі, уручаны камуністам юбілейныя медалі і агульны здымак на памяць.

Мітынг доўжыўся з паўгадзіны, – кажа грамадскі актывіст з Малеча Анатоль Сахаруша:

– Я асабіста задаволены. Думаў, што будзе значна больш людзей. У мяне трошкі падняўся настрой, што хапіла 100 гадоў, каб людзі ўсё ж такі асэнсвалі, што адбылося ў кастрычніку 1917 года.

Валер Білібуха, дэпутат сельвыканкама: – Гэта раней, калі я яшчэ ў школу хадзіў, нам усё “уціралі”, што Валодзя Ульянаў герой. А калі я падрос, пачаў цікавіцца гісторыяй, дык ён, аказваецца, забойца. Цікавая ўвогуле фармулёўка святкавання рэвалюцыі для ўлады, якая баіцца рэвалюцыі.

Святкаванне працягнулася вялікім канцэртам духавой музыкі на плошчы. А 9-га лістапада Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей заклікае людзей панастальгаваць па СССР і ўзяць адтуль савецкія традыцыі ў сучаснае жыццё.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя