Партыя КХП-БНФ правяла мітынг да сотых угодкаў БНР



У Кіеўскім скверы прайшоў святочны канцэрт ды мітынг, які зладзіла Кансерватыўна-Хрысціанская партыя БНФ.  Каля двухсот чалавек прыйшло на гэтае мерапрыемства.

„Я шчыра спадзяюся, што блізіцца той час, калі прозвішчы герояў БНР нарэшце будуць ушанаваныя належным чынам”, – кажа адказны сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі:

– Яны сапраўды, незважаючы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, рабілі беларускую справу, і яны сцвярджалі беларускую дзяржаву, як бы цяжка не было. І яны за гэта заплацілі самай найвялікшай каштоўнасцю – сваімі жыццямі. Мы павінны пра гэта ўвесь час памятаць.

Падчас святкавання адбыліся таксама выступы Змітра Вайцюшкевіча, барда Андрэя Мельнікава, Андруся Такінданга ды шматлікіх сябраў партыі і лідараў грамадзянскай супольнасці. Быў зачытаны таксама і прывітальны ліст ад Зянона Пазняка, у якім старшыня КХП-БНФ нагадаў, што БНР – гэта час перамогі нацыянальнай ідэі і пажадаў прысутным годна асвяткаваць сотую гадавіну ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Выступаючы на мітынгу да сотых ўгодкаў БНР у Кіеўскім скверы былы дэпутат і адзін з тых, хто ўдзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, Мікалай Крыжаноўскі звярнуў увагу прысутных на гістарычны сэнс Дня Волі, і таксама на тое, што дзяржава мусіць змяніць урэшце сваё стаўленне да гэтай даты.

– Кожны сумленны чалавек, патрыёт сваёй краіны, ён шануе гэтае свята. Пакуль што няма перадумоваў для таго, каб гэтае свята стала дзяржаўным. На высокім узроўні людзі ў гэтым не зацікаўленыя. Каб яны былі зацікаўленыя, дык хтосьці бы з іх сюды прыйшоў, паглядзеў.

Арганізатары мітынгу і актывісты таксама рашуча асудзілі прэвентыўныя затрыманні актывістаў, якія адбыліся напярэдадні адзначэння Дня Волі. Напрыканцы акцыі была прынятая рэзалюцыя аб тым, што дзяржава мусіць спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці і гвалтоўныя затрыманні напярэдадані святаў ды акцый.

Вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч далучыўся да святочнага канцэрту партыі КХП БНФ. Ён заспяваў некалькі песен, у тым ліку і на словы знаных беларускіх творцаў. Сярод іх стаўшыя хітамі „Сцяг” ды „Жыве Беларусь!” на словы Уладзіміра Някляева.

„Мяне шчыра ўражвае мужнасць людзей, якія стваралі БНР”, – кажа Зміцер Вайцюшкевіч:

– У гісторыі кожнай краіны, і ў нашай беларускай гісторыі, вельмі шмат такіх момантаў калі дзеянне было, а памяць пра яго не засталася. Тое, што яны ахвяравалі сваімі жыццямі, што вельмі шмат таямніц, з жахам і са здзіўленнем мы можам адкрываць для сябе. Гэта свята на Беларусі не мае свойго патэнцыялу, які павінен быць. Ёсць вялікае спадзяванне, што гэтаму святу будзе надавацца больш увагі – як з боку “чэсных”, так і “нячэсных”, а самае галоўнае – з боку простых людзей.

Спявак адзначыў, што сярод пазітыўных момантаў святкавання вылучае тое, што сотыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі прыцягнулі значна больш увагі людзей да гэтай гістарычнай падзеі.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

Фота аўтаркі

* * *

Святочны канцэрт і мітынг, прысвечаныя 100-гадоваму юбілею ўтварэння БНР, праводзяць 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы Менска сябры і прыхільнікі Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ. Святочныя мерапрыемствы афіцыйна дазволеныя з 12 да 16 гадзін Менскім гарвыканкамам.

Заяўнікі абяцаюць, што ў святочным канцэрце прымуць удзел барды і выканаўцы, сярод якіх Зміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Мельнікаў, Андрусь Такінданг, Зміцер Захарэвіч ды іншыя.

У мітынгу прымае ўдзел каля 200 чалавек. Арганізатары паведамілі, што разглядаюць сваю акцыю як пралог да вялікага святкавання „Свята Незалежнасці” 25 сакавіка каля менскай Оперы.

Назіральнікі і назіральніцы #ControlBY сочаць за акцыяй ля кінатэатра „Кіеў”. «Вельмі шмат АМАПу ў аўтазаках, шмат міліцыі са шчытамі ў бусіках, лётае дрон», – фіксуюць яны.

Паводле ПЦ «Вясна»