Міжнародная летняя школа беларусістыкі завершыла навучальны сезон



Міжнародная летняя школа беларусістыкі завершыла свой трэці навучальны сезон. Слухачы з амаль 20 краін свету цягам двух тыдняў вывучалі беларускую мову і культуру. Шмат хто з іх прыехаў у Беларусь упершыню.

Агульныя вынікі летняй школы, нягледзячы на колькасць новых навучэнцаў, пераўзышлі папярэднія чаканні, кажа дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры Менскага лінгвістычнага ўніверсітэту Ларыса Кныш:

– Неверагодна радуешся, калі чуеш і бачыш вынікі сваіх навучэнцаў, якія прыехалі, напрыклад, з Японіі, як у маёй групе, з Польшчы і з іншых краін. І якія пасля не тое што размаўляюць па-беларуску, а робяць неверагодныя нумары, спяваюць песні, выконваюць сцэнкі, ведаюць беларускія абрады, дэманструюць іх. Безумоўна гэта вельмі цікава.

У праграме Міжнароднай летняй школы беларусістыкі асаблівы ўпор ставіўся ў гэтым годзе на практыку беларускага маўлення ў залежнасці ад узроўню валодання мовай. Акрамя таго для слухачоў школы штодня ладзіліся экскурсіі па музеях беларускай гісторыі, культуры і побыту.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя