Міжнародная навуковая канферэнцыя гісторыкаў у Гародні



У Гародні пачала працу трохдзённая міжнародная навуковая канферэнцыя гісторыкаў. Традыцыйна гэты форум праходзіць падчас святкавання Дня Святога Губерта.

Яе пленарныя паседжанні праходзяць у памяшканнях Гарадзенскага каледжа бізнесу і права з 3 па 5 лістапада. Прадстаўнікі чатырох краінаў прадстаўляюць свае напрацоўкі з вывучэння гісторыі горада. Асаблівы акцэнт у рэфератах надаецца Гародні, як цэнтру даследаванняў. Кажа прафесар Алесь Краўцэвіч:

– Гародня – гэта горад унікальны па многіх аспектах. Па-першае, гэта горад пагранічча, самы заходні горад Беларусі, фактычна. Гэта самы старажытны горад на рацэ Нёман. Па-другое, у гэтым горадзе засталася спадчына. Гэта ўсё дае магчымасць вывучаць гэты горад. Па-трэцяе, тут існуе асяродак гісторыкаў, якія здолелі арганізаваць гэтую канферэнцыю.

Шматгадовым вядоўцам канферэнцыі гісторыкаў да Дня Святога Губерта быў прафесар Аляксандар Смалянчук. Цяпер арганізатарамі сталі маладзейшыя гісторыкі. Чаму тэма міжнароднай канфэрэнцыі такая шырокая: „Grodnæ et orbi”, кажа, адзін з арганізатараў гісторык Алесь Радзюк.

– На Дзень Святога Губерта мы адзначаем Дзень горада. І гэтым абумоўлена тэматыка канферэнцыі. Мы вывучаем горад у розных аспектах. У розным храналагічным часе. Розныя аспекты гарадскога жыцця: архітэктура, асяроддзе, людзі, якія жылі ў гэтым горадзе. Мы не абмяжоўваем тэматыку. Наша задача параўнаць як жылі людзі ў розных гарадах. Таму ў нас досыць прадстаўнічая канферэнцыя. Будуць выступаць і літоўцы, і навукоўцы з Польшчы, і беларусы.

Канфэрэнцыя пачалася з прэзэнтацыі кнігі Аляксандра Гужалоўскага „Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі 1917-1929 гады”. Арганізатарамі навуковага форуму выступілі гарадзенскі Цэнтар гарадзкога жыцьця і польскі інстытут з Менску.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара