Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю
Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю адзначаецца 3 снежня. У гэты дзень асаблівая ўвага надаецца людзям з абмежаванымі магчымасцямі, з іх удзелам праходзяць акцыі, святы ды канцэрты.
Пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўзгадваюць у Глыбокім не толькі ў гэты дзень. З імі вядзе круглагадовае супрацоўніцтва дабрачынная арганізацыя «Карытас» пры касцёле Святой Тройцы.
Паводле кіраўніка арганізацыі Генадзя Бервячонка, у адрозненне ад іншых слаёў грамадства, людзі з абмежаванымі магчымасцямі не просяць аб матэрыяльнай дапамозе. Як ні дзіўна, іх усё задавальняе.
— У першую чаргу гэтым людзям трэба як мага больш увагі, як найбольш нашай дабрыні. Вельмі трэба, каб яны ў нашым грамадстве пачуваліся раўнапраўнымі грамадзянамі.
У Беларусі жыве каля паўмільёна людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але краіна толькі ў верасні мінулага года далучылася да Канвенцыі аб правах інвалідаў, прынятай Генасамблеяй ААН у 2006 годзе. Наша краіна стала апошняй дзяржавай Еўропы, якая падпісала гэты дакумент.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя