Міжнародны дзень піва
Залаты трунак, хмелевы суп ды боскі напой — гэта сінонімы найбольш папулярнага ў свеце алкагольнага напою.
У першую пятніцу жніўня піва адзначае сваё міжнароднае свята. Сусветны дзень піва і півавара заснаваны ў 2007 годзе ў ЗША. Мэты святкавання – сустрэча з сябрамі пры піве, ушанаванне півавараў і розных нацыянальных відаў гэтага напою.
Піва дзеліцца не толькі на светлае, цёмнае і паўцёмнае, як думае большасць. Беларускія хатнія півавары і крафт-бровары вараць розныя новыя віды піва, кажа рэдактар сайта piva.by Вячаслаў Радзівонаў:
— Вараць і Айпей і Бэрлінэр Вайс, розныя Сауры і нават ужо спрабуюць Ламбікі рабіць. Дарэчы беларускія хатнія півавары стала ўдзельнічаюць у Кубку півавараў у Вільні, два гады таму беларускі півавар узяў галоўны прыз, абыйшоўшы пад сотню іншых півавараў пераважна з Літвы.
На Беларусі апрача буйных піваварных заводаў дзейнічаюць 26 крафт-бровараў. Некаторыя з іх вараць новы від піва амаль штотыдзень. За першыя тры месяцы гэтага года беларусы выпілі 75 мільёнаў літраў піва. Штогод людзі ва ўсім свеце выпіваюць 133 мільярды літраў піва.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
