Міжнародны дзень правоў чалавека ў Бярозе



Бярозаўскія праваабаронцы традыцыйна адзначылі Міжнародны дзень правоў чалавека. Яны раздалі 500 экзэмпляраў газеты “Народнай волі” ў рэкламных мэтах са спецвыпускам “За нашы і вашы правы” на вуліцах горада.

img_4421

Праваабаронцы напаміналі людзям пра Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

„Яна абараняе кожнага з нас”,- кажа удзельнік акцыі праваабаронца Сяржук Русецкі:

– Правы чалавека ў нашай краіне далёкія ад ідэалу. Таму мы імкнемся, каб людзі ведалі пра свае правы і намагаліся іх абараняць.

Паводле праваабаронцаў, рэдка хто адмаўляўся ад газеты. Абсалютная бальшыня брала “Народную волю” з ахвотай. Пры гэтым людзі адзначалі, што правы яны маюць толькі на паперы:

– Правы, напэўна, толькі на паперы ў нас замацаваныя. Выбары – як бы і ёсць права галасаваць, а на самой справе твой голас нічога там не вырашае… Па кантракту можна звольніць, не высвятляючы прычын.

 – Наш чалавек не ведае сваіх правоў, не ведае, як іх бараніць, і гэтаму ніхто не вучыць.

Міжнародны дзень правоў чалавека прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года.

Беларускае Радыё Рацыя