Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка



Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання адзначаецца сёння, 10 кастрычніка.

І гэты дзень стаў завяршаючым для Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі 2020, падзеі якога трансляваліся на адмысловай Фэйсбук-старонцы. Цягам Тыдня амбасадары Румыніі, Швецыі, Чэхіі выказаліся супраць такога віду пакарання. Такую пазіцыю падтрымліваюць і каталікі.

Кажа Юры Санько, ксёндз-канонік і прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі:

– Бог, які з’яўляецца абсалютным Дабром, дзеліцца з намі гэтай незвычайнай каштоўнасцю. І таму мы, людзі, якія створаныя па вобразу і падабенству Божаму, павінны ўмець распазнаць, не судзіць, а распазнаць дабро і дзяліцца гэтым дабром. Мы не маем права, ні маральнага, ні натуральнага, асуджаць іншага чалавека на тое, каб ён быў пазбаўлены жыцця.

Таксама сёння ў анлайн-фармаце адбудзецца Фестываль “Рок за жыццё. Музыкі за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне”. На адной сцэне збяруцца топавыя беларускія гурты і выканаўцы: Nizkiz, Дай Дарогу!, Петля Пристрастия, Лера Яскевіч, Уладзімір Пугач, Tor Band і Разбітае Сэрца Пацана. Трансляцыя стартуе а 19.00 на YouTube каналах Еўрарадыё і Радыё Свабода.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ПЦ „Вясна”