Міжнародны Дзень вызвалення вязняў з нацысцкіх лагераў (абноўлена)



На Піншчыне ўшаноўваюць памяць вязняў нацысцкіх лагераў. У Пінску жалобныя мерапрыемствы адбываюцца каля знака, усталяванага ў памяць пра вязняў. У горадзе засталося некалькі дзясяткаў чалавек, якія дзецьмі прайшлі праз нацысцкія лагеры. Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна кажа пра важнасць захавання ўспамінаў сведак, бо гэта “абуджае памяць”:

– Гэта місія абуджэння людской памяці і абуджэнне памяці і сумлення. Гэта вельмі важна. Мы проста не маглі ведаць тыя падрабязнасці. Мы па іншаму бы ставіліся. 

Праз нацысцкія лагеры прайшло звыш 20 мільёнаў чалавек, з якіх 5 мільёнаў – былыя грамадзяне Савецкага Саюзу. Дакладная колькасць загінулых невядомая. Гісторыкі кажуць, што ў нацысцкіх лагерах закатавана не менш за 11 мільёнаў чалавек.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

11-га красавіка міжнародная супольнасць адзначае Дзень вызвалення вязняў з нацысцкіх лагераў. Пад час Другой святовай вайны праз нацысцкія лагеры прайшло больш за 20 мільёнай чалавек з 30 краінаў, сярод якіх 5 мільёнаў грамадзянаў былога Савецкага Саюзу. У Гародні сярод жывых засталася толькі малая купка былых вязняў: малалетнія вязні, якія цяпер маюць каля васьмі дзясяткаў гадоў. Таісія Ярмаловіч была малалетнім вязнем на беларускай тэрыторыі.

– Мы былі ў канцлагеры 330-13, гэта ў Віцебску. Усе кажуць пра жахі ў нямецкіх канцлагерах. Але тут, у Беларусі, умовы былі больш цяжкімі, таму што тут не кармілі, не паілі, на холадзе трымалі – галодных, халодных, без ніякіх умоваў. Можаце сябе ўявіць, на снезе дзеці.

Нацысты стварылі пад час Другой святовай вайны больш за чатырнаццаць тысяч лагераў, турмаў. Па прызнаннях СС, ад аднаго вязня на працягу года нацысты атрымоўвалі паўтары тысячы райхсмарак чыстага прыбытку. Пасля Другой святовай вайны міжнародны трыбунал прызнаў, што прымусовая праца ў лагерах з’яўляецца  злачынствам супраць чалавечнасці.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя