МНС цалкам спыняе праверкі малога і сярэдняга бізнесу



Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі цалкам спыняе праверкі прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, паведаміла прэс-служба ведамства.

Такім чынам МНС адрэагавала на ўказанні кіраўніка дзяржавы, адзначаецца ў паведамленні.

У той жа час МНС працягне рэагаваць на паведамленні аб парушэннях, якія будуць паступаць ад грамадзян. Міністэрства таксама гатова па просьбе кіраўнікоў бізнесу аказваць падтрымку і праводзіць кансультацыі па пажарнай бяспецы і іншых пытаннях у рамках сваёй кампетэнцыі.

МНС працягне кантраляваць выбуховапажаранебяспечныя прадпрыемствы, а таксама месцы, дзе бывае людна, у прыватнасці бальніцы, інтэрнаты, школы і дзіцячыя сады.

Асноўныя намаганні інспектараў МНС цяпер будуць сканцэнтраваныя на „растлумачэннях, працы ў калектывах, аказанні метадычнай дапамогі кіраўнікам прадпрыемстваў, правядзенні акцый, сустрэч з насельніцтвам, зносінах з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей, пажылымі грамадзянамі, давядзенні да школьнікаў, студэнтаў, рабочых інфармацыі аб тым, да чаго прыводзіць бестурботнасць і як папярэдзіць НС”.

Паводле дадзеных МНС, за апошнія гады было скарочана і аптымізавана больш за палову ўсіх тэхнічных нарматыўных прававых актаў па правілах бяспекі. Былі перапрацаваны 34 правілы пажарнай бяспекі, сёння завяршаецца перагляд яшчэ 10 нарматыўных актаў, якія ў выніку будуць зведзены ў адзін дакумент.

Адначасова з гэтым міністэрства працягвае працаваць у рамках спецыяльнай групы па пытаннях кардынальнага скарачэння тэхнічных і іншых нормаў і ўдасканалення нагляднай дзейнасці. Цяпер разглядаюцца пытанні далейшага спрашчэння сістэмы ліцэнзавання.

„Наяўная абстаноўка кажа пра тое, што сітуацыя з пажарамі ў краіне паляпшаецца. Пазітыўныя змены разам з перааснашчэннем нашых падраздзяленняў, напрыклад аўтацыстэрнамі цяжкага класа з вялікім запасам вады, дазваляюць прыняць больш радыкальныя меры па лібералізацыі ў гэтай сферы”, — гаворыцца ў паведамленні прэс- службы МНС.

15 снежня 2016 года Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прыняць радыкальныя меры па выкараненні залішніх праверак суб’ектаў гаспадарання. Гаворка ішла пра неабходнасць далейшай працы па дэбюракратызацыі і ліквідацыі залішняга націску на вытворчасць і бізнес.

На сустрэчы з грамадскасцю і СМІ 3 лютага ў Мінску кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ўрад працуе над аптымізацыяй патрабаванняў розных службаў да бізнесу. „Мною рашэнне прынята, сёння ва ўрадзе над гэтым працуюць, — сказаў Лукашэнка. — Будзе гэтак жа, як з ільготамі, хутчэй за ўсё. Мы цалкам перакрэслім гэтыя ўсе нарматывы МНС, міліцэйскія, санітарныя і іншыя і пакінем толькі тыя, якія патрэбныя, без якіх не абысціся”.

На думку кіраўніка дзяржавы, абноўленая сістэма павінна працаваць так: „Дапусцім, адкрываецца новае прадпрыемства. Прыйшлі туды санстанцыя, пажарнікі, прынялі. Калі раптам нешта здарыцца — загарэлася, выбухнула, то па законе ўся адказнасць на кіраўніку. І мы зробім больш жорсткімі законы ў дачыненні да кіраўніка”. „Тады не МНС, не санстанцыя, а кіраўнік будзе бегаць і дрыжаць, каб на вытворчасці было нармальна”, — дадаў Лукашэнка.

belapan.by