Мокры снег з дажджом і парывісты вецер чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя



Мокры снег з дажджом і парывісты вецер чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

„У першай палавіне бягучага тыдня ў Беларусі пераважаў зімовы характар надвор’я. Ападкі выпадалі ў выглядзе снегу, пераважаў адмоўны тэмпературны фон, у большасці раёнаў краіны захоўвалася снежнае покрыва. Яго вышыня на раніцу чацвярга, 21 снежня, вагалася ад 1 см да 19 см”, – сказалі ў Гідрамеце.

Пачынаючы з пятніцы надвор’е ў Беларусі будзе змяняцца. Атмасферныя франты з Заходняй Еўропы прынясуць на большую частку тэрыторыі снег, мокры снег, па захадзе з дажджом. Месцамі чакаюцца слабы туман і галалёд. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра будзе паступова павышацца. Уначы будзе ад нуля да мінус 5 градусаў, па ўсходзе пры праясненнях магчыма паніжэнне да 6-8 градусаў марозу. Удзень – ад мінус 3 да плюс 3.

У суботу, 23 снежня, няўстойлівы характар надвор’я ў краіне абумовяць атмасферныя франты, што перамяшчаюцца з акваторыі Балтыйскага мора. На большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Удзень па паўночным захадзе чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да мінус 6, удзень – ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.

Характар надвор’я ў нядзелю істотна не зменіцца. У многіх раёнах прагназуюцца ападкі (мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж), слабы галалёд. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. На большай частцы тэрыторыі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпературны фон будзе павышацца. Уначы прагназуецца ад мінус 3 да плюс 3 градусаў. Удзень – ад нуля да плюс 6, па паўднёвым захадзе – да 8 градусаў цяпла.

На каталіцкае Раство, у панядзелак, будзе няўстойлівае з ападкамі надвор’е. На большай частцы тэрыторыі пройдуць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, месцамі слабыя туман і галалёд. Пераважна па паўночным усходзе на дарогах чакаецца галалёдзіца. У некаторых раёнах магчыма ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак – ад нуля да плюс 6 градусаў. Ноччу па паўночным усходзе – 1-5 градусаў марозу, удзень у паўднёва-заходніх раёнах – 7-8 градусаў цяпла.

У аўторак і сераду, 26-27 снежня, надвор’е будзе вызначаць цёплая паветраная маса, якая будзе паступаць з паўднёвага захаду Еўропы. У некаторых раёнах чакаюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Месцамі магчымы туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 па паўночным усходзе да плюс 4 градусаў па паўднёвым захадзе, удзень – ад нуля да плюс 7.

belta.by