Моладзь БНФ абрала новага кіраўніка



Сёння, на першым паседжанні Рады Моладзі БНФ было разгледжана пытанне аб выбары кіраўніка Моладзі БНФ.

У адпаведнасці з новым парадкам абрання кіраўніцтва МБНФ старшыню абірае Рада, якая фармуецца з вылучаных на сходах прадстаўнікоў рэгіянальных структураў.

На пасаду кіраўніка арганізацыі права вылучыцца меў любы сябра арганізацыі, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту. На гэтую пасаду прэтэндавала 3 кандыдаты: Максім Бондар (Гародня), Дзяніс Мандзік (Барысаў), Ягор Сергіенка (Менск). Пры таемным галасаванні большасць сябраў Рады ( 67% ) падтрымала Дзяніса Мандзіка. Такім чынам новым кіраўніком арганізацыі стаў – Дзяніс Мандзік.

Згодна новымі правіламі працы кіраўніцтва кіраўнік пасля свайго абрання прызначае намесніка кіраўніка са складу Рады (які мае тыя ж самыя абавязкі і паўнамоцтвы, што і старшыня і ў выпадку чаго замяняе кіраўніка часова ці да наступных выбараў). Намеснікам арганізацыі стала Елізавета Шумякова (Магілёў) .

Папярэдняя старшыня, Ганна Смілевіч, узначальвала моладзевую суполку менш за год. За гэты час яе паспелі адлічыць з Інстытута журналістыкі БДУ.

Бліжэйшым часам Рада павінна арганізаваць Кангрэс Моладзі БНФ (раней З’езд) на які збяруцца прадстаўнікі ўсіх структур Моладзі БНФ, каб абмяркаваць і прыняць новую стратэгію і план развіцця арганізацыі.

Перад новым кіраўніцтвам стаіць задача стварэння новых рэгіянальных структур Моладзі БНФ, павелічэнне колькасці актывістаў, іх палітычная адукацыя і арганізацыі бягучай дзейнасці Моладзі БНФ.