Моталь запрашае на фестываль традыцыйнай ежы



На фестываль традыцыйнай ежы запрашае палескае мястэчка Моталь, што ў Іванаўскім раёне Берасцейшчыны. Тут восьмы раз пройдзе двухдзённае міжнароднае свята «Мотальскія прысмакі».

Дэгустацыя народнай кухні будзе сумешчаная з вялікай канцэртна-забаўляльнай праграмай, паведамляе Агркамітэт фэсту.

Намесніца старшыні Таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна кажа, што Моталь — гэта прыклад таго, як трэба працаваць над сваім турыстычным абліччам:

— Музей народнай творчасці ў Моталі адзначыў 20 гадоў свайго існавання. За гэты час гэты музей прыдбаў цэлы аддзел археалогіі. І ведаеце, такі аддзел, які не сорамна паказаць у абласных ці ў вялікіх гарадах. Той Моталь, які карыстаўся попытам і раней, яшчэ больш набыў аматараў праз фестывалі, якія пайшлі.

Сёлетнія «Мотальскія прысмакі» пройдуць 12 і 13 жніўня. У першы дзень фестываль будзе працаваць да 3-й гадзіны ночы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя